Быць свабоднымі ад матэрыяльных рэчаў і ўважлівымі да бедных, вучыцца ў іх мудрасці – шлях да таго, каб стаць па-сапраўднаму “ўбогімі духам”. Евангельскаму благаслаўленню “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае” прысвечана апублікаванае 6 лютага пасланне Папы Францішка на Сусветны дзень моладзі, які будзе адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні 13 красавіка 2014 г.
Папа звярнуў увагу на “рэвалюцыйную сілу” благаслаўленняў, з дапамогай якіх Езус заклікае наследаваць Яго, прайсці разам з Ім шлях любові – “адзіны, які вядзе да вечнага жыцця”. Па словах Пантыфіка, нягледзячы на тое, што гэты шлях “нялёгкі”, Пан не пакіне тых, хто на яго становіцца. “Беднасць, нягоды, прыніжэнні, барацьба за справядлівасць, цяжар штодзённага навяртання, барацьба за жыццё (…) пераслед і многія іншыя выклікі прысутныя ў нашым жыцці. Але, калі адчынім дзверы Езусу, калі дазволім, каб Ён быў у нашай гісторыі, калі падзелімся з Ім радасцямі і болем, адчуем спакой і радасць, якія толькі Бог – бясконцая любоў - можа даць”, - напісаў Святы Айцец.
Евангельскія благаслаўленні – гэта вар’яцтва для свету, які ўзвышае поспех любым коштам, дабрабыт, надмернасць улады, самасцвярджэнне коштам іншых, заўважыў Святы Айцец і перад абліччам гэтых выклікаў заахвоціў моладзь не баяцца сказаць “так” Езусу, каб “маладое жыццё напоўнілася сэнсам і стала плённым”. Папа заклікаў не задавальняцца “малым”, а марыць аб “вялікім” – “пашыраць свае сэрцы”. “Моладзь, якая выбірае Хрыста – моцная; яна насычаецца Яго Словам, а не “ап’яняецца” іншымі рэчамі. Майце адвагу ісці супраць плыні. Майце адвагу на сапраўднае шчасце. Скажыце “не” культуры марнасці, павярхоўнасці і адходаў, якая не зробіць вас здольнымі прыняць адказнасць і адказаць на вялікія жыццёвыя выклікі!” - напісаў Пантыфік.
Гаворачы пра тэму Сусветнага дня моладзі, Папа прапанаваў задумацца, што значыць быць “убогімі духам”. Паводле Святога Айца, зразумець значэнне гэтага выразу можна паглядзеўшы на Езуса – Сына Божага, які стаў чалавекам, абраўшы беднасць і пазбавіўшыся хвалы.
Такім чынам, каб жыць благаслаўленнямі, па словах Пантыфіка, па-першае, неабходна стаць свабоднымі ад матэрыяльных рэчаў, па-другое, трэба змяніць свае адносіны да бедных, не быць абыякавымі да іх. “Не будзем напаўняць вусны прыгожымі словамі пра бедных! Будзем сустракацца з імі, паглядзім ім у вочы, выслухаем. Бедныя для нас – гэта канкрэтная магчымасць сустрэць самога Хрыста, дакрануцца да Яго пакутуючага цела”, - адзначыў Папа. Заклік Пантыфіка тычыўся таксама неабходнасці “навучыцца ад бедных мудрасці”. “Яны навучаюць, што чалавек цэніцца не за тое, чым валодае, не за тое, колькі мае на банкаўскім рахунку. Бедны – гэта чалавек, пазбаўлены матэрыяльных дабротаў, які заўсёды захоўвае сваю годнасць”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа адзначыў сувязь, якая існуе паміж дэвізам Сусветнага дня моладзі, што прайшоў у Рыа-дэ-Жанейра ў 2013 г. – “Ідзіце і навучайце ўсе народы” – і дэвізам Сусветнага дня моладзі 2014 г. – “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”. “Пан жадае беднага Касцёла, які евангелізуе бедных”, - падкрэсліў Папа і нагадаў заклік Езуса да вучняў: “Не бярыце з сабой ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае...” “Евангельская беднасць – гэта фундаментальная ўмова пашырэння Божага Валадарства. Самая цудоўная і спантанная радасць, якую я бачыў на працягу жыцця, – была ў бедных людзей, якім не было да чаго прывязвацца”, - сказаў Папа і дадаў, што “евангелізацыя ў наш час будзе магчыма толькі праз захапленне радасцю”. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|