“Я стаю на парозе вашага дому, каб расказаць пра падзею, якая – як вядома – адбудзецца ў кастрычніку ў Ватыкане”, - так пачаў Святы Айцец Ліст да сем’яў, апублікаваны 25 лютага. Папа адзначыў, што мае на ўвазе Надзвычайную сесію Сіноду
Біскупаў, скліканую на кастрычнік гэтага года, каб абмеркаваць
“душпастырскія выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”
Пантыфік падкрэсліў, што гэтая падзея “ўключае ў сябе ўвесь народ Божы”, і заклікаў сем’і да “малітоўнай падтрымкі”, бо сінадальныя сустрэчы будуць прысвечаны ім, іх “пакліканню і місіі ў Касцёле і грамадстве, праблемам сужэнства, сямейнага жыцця, выхавання дзяцей і ролі сям’і ў місіі Касцёла”.
Папа нагадаў, што праз год пасля надзвычайнай сесіі пройдзе звычайная асамблея Сіноду, на якой будуць разгледжаны тыя ж пытанні. Таксама ў верасні 2015 г. адбудзецца Сусветная сустрэча сем’яў у Філадэльфіі. Святы Айцец запрасіў да малітвы, каб праз гэтыя тры падзеі Касцёл увайшоў на сапраўдны шлях праніклівасці і знайшоў адпаведныя душпастырскія сродкі, “каб дапамагчы сем’ям супрацьстаяць бягучым выклікам са святлом і сілай, якія паходзяць з Евангелля”.
Папа Францішак паведаміў, што напісаў гэты ліст у свята Ахвяравання Пана, і нагадаў, што ў гэты дзень Марыя і Юзаф па законе Майсея прынеслі Дзіця ў святыню, каб прадставіць Пану, і там сустрэлі двух старцаў, Сімяона і Ганну. “Гэта прыгожы вобраз – двое маладых бацькоў і два пажылыя чалавекі, сабраныя Езусам”, - заўважыў Пантыфік і дадаў, што Хрыстус збірае разам і аб’ядноўвае пакаленні, “з’яўляецца невычэрпнай крыніцай той любові, якая пераадольвае любую замкнёнасць, адзіноту і смутак”.
“На вашым сямейным шляху вы падзяляеце жыццё з вялікай колькасцю прыгожых момантаў: сустрэчы пры стале, адпачынак, хатняя праца, забавы, малітва, вандроўкі і пілігрымкі, ініцыятывы салідарнасці... Аднак, калі няма любові, адсутнічае радасць, а сапраўдную любоў дае нам Езус. Ён дае нам сваё Слова, якое асвятляе наш шлях, дае нам Хлеб Жыцця, які падтрымлівае штодзённыя намаганні нашага вандравання”, - напісаў Святы Айцец.
Папа яшчэ раз заўважыў, што малітва сем’яў за Сінод Біскупаў “будзе каштоўным скарбам, які ўзбагаціць Касцёл”, і папрасіў маліцца таксама за яго, каб “служыў Божаму народу ў праўдзе і любові”. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|