Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак адкрыў для наведвальнікаў сады сваёй рэзідэнцыі
Святы Айцец
03.03.2014 16:38

З 1 сакавіка 2014 г. пілігрымы і турысты змогуць перакрочыць парог папскай рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа, каб наведаць мясцовыя сады, якія да гэтага часу былі закрыты для шырокай публікі. Такое рашэнне прыняў сам Папа Францішак. У 2013 г. Святы Айцец адмовіўся праводзіць летні адпачынак у Кастэль Гандольфа, як часта рабілі яго папярэднікі. Гэтая рэзідэнцыя належыць Рымскім Пантыфікам з XVII ст. і ахоплівае тэрыторыю амаль у 55 гектараў.

Першым з аб’ектаў, адкрытых для наведвальнікаў, стаў сад Барберыні, на тэрыторыі якога знаходзяцца ўнікальныя кветкавыя алеі, дрэвы і кустарнікі, плошчы, скульптуры і археалагічныя аб’екты эпохі імператара Даміцыяна, а таксама тэрасы, з якіх адкрываецца панарама на рэгіён Лацыё. Для многіх Пантыфікаў гэта было месца адпачынку і малітвы.

Дырэктар Ватыканскіх музеяў Антоніо Паолучы назваў адкрыццё папскіх садоў у Кастэль Гандольфа для публікі “цудоўным падарункам Папы Францішка” з нагоды пачатку вясны 2014 года.

Наведванне саду Барберыні магчыма толькі ў суправаджэнні экскурсавода. Прадугледжана абавязковая папярэдняя рэгістрацыя наведвальнікаў праз інтэрнэт. Працягласць візіту складае 90 хвілін, а кошт білета – 26 еўра. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце Ватыканскіх музеяў www.museivaticani.va

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.