Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падвёў вынікі першага года свайго Пантыфікату ў размове з «Corriere della sera»
Святы Айцец
05.03.2014 16:35

Праз год пасля пачатку свайго Пантыфікату Папа распавёў у інтэрв’ю італьянскай “Corriere della sera” аб характэрных рысах свайго навучання, жыцці Касцёла ў апошнія месяцы, сваіх рашэннях у дачыненні да Рымскай Курыі і адносінах са сваім папярэднікам Бэнэдыктам XVI. Гутарка з галоўным рэдактарам газеты Феручыо дэ Бартолі праходзіла ў Доме св. Марты, дзе пражывае Пантыфік, і закранае менш вядомыя аспекты першага года Пантыфікату Папы Францішка.

“Мне падабаецца быць з людзьмі”, - прызнаўся Пантыфік і дадаў, што яму непрыемна, калі яго асобу “інтэрпрэтуюць ідэалагічна”, успрымаючы “як свайго роду супермэна”. Гэта нават абражае яго. Папа з’яўляецца “нармальным чалавекам”, праз сваю працу і адказнасць пры прыняцці рашэнняў.

У інтэрв’ю закранаюцца складаныя для Касцёла тэмы. Сексуальныя злоўжыванні адносна непаўналетніх Пантыфік назваў “вельмі глыбокімі ранамі”, і Касцёл, па яго словах, шмат зрабіў, каб вырашыць гэта пытанне, магчыма, больш за ўсіх, але, нягледзячы на гэта, і больш за ўсіх падвергся нападкам.

Любое рашэнне адносна разведзеных, якія жывуць у новых саюзах, будзе вынікам глыбокіх разважанняў, падкрэсліў Святы Айцец. “Мы павінны разгледзець і ацаніць розныя выпадкі у іх разнастайнасці”, - сказаў Пантыфік.

Роля жанчын, паводле Папы, павінна быць больш заўважальнай у Касцёле, які “з’яўляецца жаночым ад сваіх вытокаў”. Пантыфік лічыць, што трэба прымяняць “марыйны прынцып” у разважаннях аб сутнасці Касцёла, у тым ліку і тэалагічных.

Папу Францішка запыталі і аб так званым кантролі за нараджальнасцю, і ў адказ ён падкрэсліў, што вучэнне Касцёла ў гэтай праблематыцы не змяняецца. Магчыма, трэба паглядзець глыбей, але не ставячы пад сумніў і не падрываючы каштоўнасцяў, якія не падлягаюць абмеркаванню, патлумачыў Папа і дадаў: “Каштоўнасці – гэта каштоўнасці, і тут няма чаго абмяркоўваць”.

У інтэрв’ю не абмінулі і экуменічных, і міжнародных пытанняў. Існуюць адносіны з Кітаем, паведаміў Святы Айцец, спаслаўшыся на абмен лістамі, які адбыўся паміж ім і Прэзідэнтам КНР Сі Цзіньпінам. “Гэта вялікі народ, якому я жадаю дабра”, - сказаў Папа Францішак.

Шлях адзінства з праваслаўем – гэта, перш за ўсё, “ісці разам і працаваць разам”, лічыць Пантыфік і спадзяецца, што гэтаму паспрыяе яго падарожжа ў Святую Зямлю і сустрэча з патрыярхам Барталамеем І. Папа адзначыў багацце праваслаўнага багаслоўя.

“Папа на пенсіі – гэта не манумент у музеі”, - сказаў Пантыфік, калі яго запыталі аб адносінах з Бэнэдыктам XVI. Ён лічыць, што жэст яго папярэдніка, магчыма, стане прэцэдэнтам у будучыні. “Ён стрыманы, сціплы, не жадае турбаваць”, - ахарактарызаваў Пантыфіка на пенсіі Папа Францішак і падкрэсліў, што яго мудрасць з’яўляецца дарам Бога для Касцёла.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.