Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да Сусветнай Рады Цэркваў: малітва – фундаментальны фактар у падарожжы да адзінства
Святы Айцец
07.03.2014 15:22

7 сакавіка Папа Францішак сустрэўся з дэлегацыяй Сусветнай Рады Цэркваў. Пантыфік назваў сустрэчу “чарговым важным этапам у даўніх і плённых адносінах” паміж Каталіцкім Касцёлам і гэтай экуменічнай асацыяцыяй і падзякаваў за працу “ў падтрымку хрысціянскага адзінства”. Па словах Папы, Сусветная Рада ўнесла вялікі ўклад у прыняцце з боку хрысціян факту, што іх раз’яднанасць уяўляе сабой сур’ёзную перашкоду для абвяшчэння Евангелля ў свеце.

Нельга ўспрымаць гэтыя падзелы як нешта нармальнае, як “неад’емную частку гістарычнага досведу Касцёла”, падкрэсліў Пантыфік. “Калі хрысціяне ігнаруюць заклік да адзінства, які прыходзіць да іх ад Пана, яны рызыкуюць ігнараваць самога Пана і Яго збаўленне, якое Ён прапануе праз сваё Цела – Касцёл”, - дадаў Святы Айцец.

Адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай Радай Цэркваў, якія развіваюцца з часоў Другога Ватыканскага Сабору, прывялі, як адзначыў Папа, да шчырага экуменічнага супрацоўніцтва і ўсё большага абмену дарамі паміж рознымі супольнасцямі шляхам пераадолення ўзаемнага неразумення. Разам з тым, заўважыў Пантыфік, шлях да поўнага і бачнага адзінства па-ранейшаму застаецца цяжкім і патрабавальным. Святы Айцец падкрэсліў, што не трэба спыняцца на дасягнутым, не варта дазволіць сабе спачыць на задаволенасці прагрэсам апошніх дзесяцігоддзяў.

Малітва, па словах Папы Францішка, з’яўляецца фундаментальным фактарам у гэтым падарожжы: толькі дух пакорнай і няспыннай малітвы дапаможа мець неабходную матывацыю служыць чалавечай сям’і ў яе патрэбах, як духоўных, так і матэрыяльных.

Пантыфік прызнаўся, што будзе маліцца, каб падчас сустрэчы экуменічнай дэлегацыі з Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству быў знойдзены “найбольш эфектыўны спосаб разам рушыць наперад на гэтым шляху”, пажадаў, каб Бог падтрымліваў усіх, хто мае справу хрысціянскага адзінства ў сэрцы, і папрасіў маліцца за яго, каб быў “паслухмянай прыладай волі Пана і слугой адзінства”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.