16 сакавіка Святы Айцец наведаў рымскую парафію Маці Божай Малітвы. Гэтая парафіяльная супольнасць стала пятай, дзе пабываў Папа Францішак падчас свайго Пантыфікату. У праграме чатырохгадзіннага візіту былі сустрэчы з хворымі, дзецьмі, вялікай групай моладзі і неакатэхуменальнымі супольнасцямі.
Пантыфік паспавядаў некалькі чалавек і ўзначаліў Імшу. У кароткай імправізаванай гаміліі Святы Айцец падкрэсліў, што неабходна слухаць Езуса, каб умацаваць сваю веру, і ўглядацца ў Хрыста, каб добра падрыхтаваць свае вочы да бачання Яго твару.
Спасылаючыся на Евангелле аб Перамяненні Пана, Папа нагадаў вернікам, што першая задача хрысціяніна - слухаць Божае слова, і падкрэсліў, што гэта з’яўляецца самым магутным пасілкам для душы. Пантыфік прапанаваў вернікам заўсёды насіць з сабой невялікае Евангелле, каб чытаць кожны дзень яго фрагмент, што дазваляе слову Езуса ўвайсці ў сэрца чалавека і ўмацаваць веру.
Папа падкрэсліў неабходнасць прасіць у Бога ласку ачышчэння вачэй духа, каб падрыхтаваць іх да вечнага жыцця, сузірання Бога тварам у твар. “Позірк, скіраваны на Езуса, ачышчае нашы вочы і рыхтуе іх да вечнага жыцця, да сузірання Нябёсаў. Магчыма, нашы вочы крыху хворыя, таму што мы бачым так шмат рэчаў, якія не паходзяць ад Езуса, а хутчэй выступаюць супраць Яго: рэчы гэтага свету, рэчы, якія не прыносяць дабра святлу душы. Тады яно павольна гасне, і, самі таго не разумеючы, мы набліжаемся да ўнутранай цемры, цемры духоўнай, цемры веры: гэта сапраўдная цемра, таму што мы не прызвычайваемся бачыць і ўсведамляць спраў Езуса”, - сказаў Святы Айцец. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|