“Змяніце сваё жыццё, пакайцеся, спыніцеся рабіць зло, мы молімся за вас. Я прашу вас аб гэтым на каленях, гэта для вашай жа карысці”, - з такім заклікам звярнуўся 21 сакавіка ўвечары Папа Францішак да людзей, звязаных з мафіяй і злачыннымі справамі. У суседняй з Ватыканам парафіі Св. Грыгорыя VII Пантыфік прыняў удзел у малітоўным чуванні ў дзень памяці аб ахвярах мафіі.
Святога Айца прывітаў мясцовы пробашч айцец Паоло Маела. Затым сваячка адной з больш за 900 ахвяр гэтай злачыннай арганізацыі выказала надзею, што барацьба з мафіяй і карупцыяй можа быць эфектыўнай і сітуацыя можа змяніцца.
Пантыфік падзякаваў за прадстаўленую магчымасць прыняць удзел у малітоўнай сустрэчы, выказаў надзею, што пачуццё адказнасці возьме верх над карупцыяй, каб вылечыць сацыяльныя паводзіны і адносіны, адзначыў, што справядлівасць нараджаецца з сэрца, і засведчыў сваю поўную салідарнасць з удзельнікамі чування.
Папа звярнуўся да мафіёзі з асабістым заклікам. “Змяніце сваё жыццё, пакайцеся, спыніцеся рабіць зло, мы молімся за вас. Я прашу вас аб гэтым на каленях, гэта для вашай жа карысці, бо жыццё, якое вы зараз ведзяце, не дасць вам задавальнення, радасці, шчасця. Улада, грошы, што ў вас ёсць сёння, так шмат брудных спраў і злачынстваў мафіі, грошы і ўлада, заплямленыя крывёй, – вы не возьмеце гэтага ў вечнае жыццё. Пакайцеся, пакуль яшчэ ёсць час, каб не апынуцца ў пекле, што вас чакае, калі вы будзеце жыць гэтак далей. Вы мелі маму і тату, падумайце пра іх і заплачце!” - сказаў Папа Францішак.
Святому Айцу перадалі белую стулу – частку літургічнай вопраткі святара – якую выкарыстоўваў кс. Джузэпэ Дыяна, забіты мафіяй роўна 20 гадоў таму. Папа ўсклаў яе на сябе, пасля чаго ўдзяліў усім апостальскае благаслаўленне.
Пасля набажэнства Пантыфік коратка размаўляў з некалькімі прысутнымі святарамі і свецкімі людзьмі, сваякамі ахвяр мафіі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|