Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Стала вядома праграма візіту Папы Францішка на Святую Зямлю
Святы Айцец
28.03.2014 12:59

27 сакавіка стала вядома афіцыйная праграма візіту Папы Францішка на Святую Зямлю, які пройдзе з 24 па 26 мая. Першым пунктам падарожжа стане Іярданія. Святы Айцец сустрэнецца з каралевай дзяржавы, мясцовымі ўладамі і ўзначаліць Эўхарыстыю на аманскім стадыёне.

Таксама Пантыфік наведае месца хросту Езуса Хрыста каля ракі Ярдан у мястэчку Бэтані, дзе сустрэнецца з бежанцамі і маладымі інвалідамі.

Наступным пунктам падарожжа Святога Айца стане Бэтлеем. На радзіме Езуса Папа Францішак сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў Палесціны, узначаліць Эўхарыстыю на плошчы Божага Нараджэння, сустрэнецца падчас абеду з мясцовымі сем’ямі. Базыліку Нараджэння Пана Святы Айцец наведае ў прыватным парадку. Таксама ў рамках палесцінскай часткі візіту прадугледжана сустрэча з дзецьмі, якія прабываюць у лагерах для бежанцаў.

Вечарам 25 мая Святы Айцец накіруецца ў Ізраіль, дзе сустрэнецца з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем. Яны падпішуць супольную дэкларацыю, затым Пантыфік прыме ўдзел у экуменічнай сустрэчы, якая пройдзе ў базыліцы Гробу Пана з нагоды 50-годдзя сустрэчы Папы Паўла VI і Патрыярха Афінагора.

Пантыфік сустрэнецца таксама з Вялікім муфціем Ерузалема, наведае Сцяну плачу і мемарыял памяці ахвяраў Халакосту “Яд-Вашэм”, сустрэнецца з Вялікім рабінам Ізраіля, прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам. Папскі візіт завершыцца сустрэчай са святарамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі ў касцёле на тэрыторыі Аліўнага саду і Эўхарыстыяй з ардынарыямі Святой Зямлі ў ерузалемскім Вячэрніку, дзе Езус развітаўся са сваімі вучнямі і ўстанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.