Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак прыняў удзел у пакутным набажэнстве
Святы Айцец
29.03.2014 13:32

Навяртанне – гэта не пытанне аднаго моманту, але намаганне, якое здзяйсняецца на працягу ўсяго жыцця, адзначыў Папа Францішак падчас пакутнага набажэнства ў базыліцы св. Пятра 28 сакавіка. У яго межах Пантыфік асабіста паспавядаў некаторых вернікаў і сам прыступіў да сакрамэнту пакаяння. Набажэнства дало пачатак велікапоснай акцыі Папскай рады па новай евангелізацыі “24 гадзіны для Пана”, падчас якой у трох цэнтральных рымскіх касцёлах – св. Агнешкі, Найсвяцейшай Марыі Панны на Трастэвэры і Найсвяцейшых Ран Езуса - бесперапынна на працягу сутак спавядалі каля 60 святароў.

“Хто сустракаецца з Божай міласэрнасцю, падштурхоўваецца стаць будаўніком міласэрнасці паміж апошнімі і беднымі”, - нагадаў Папа і дадаў, што ў гэтых “самых малых” братах сам Езус чакае. “Пойдзем на сустрэчу з Ім! І будзем святкаваць Пасху ў радасці Божай!” - заклікаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што падчас Вялікага посту “Касцёл, у імя Божае, зноў заклікае да навяртання”, што з’яўляецца “заклікам да перамены жыцця”. У першую чаргу, па словах Папы, важна наследаваць галоўныя элементы хрысціянскага жыцця: “пераапрануцца ў новага чалавека” і “трываць у любові”, а “новае жыццё дазваляе глядзець на рэчаіснасць іншымі вачыма”, не прывабленымі рэчамі, якія таго нявартыя і часовыя. “Таму мы пакліканы пакінуць грахоўныя паводзіны і засяродзіць позірк на істотным”, - сказаў Папа.

“З сэрца чалавека, абноўленага паводле Бога, паходзяць добрыя паводзіны: казаць заўсёды праўду і пазбягаць хлусні; не красці, але дзяліцца тым, што маеш, з іншымі, асабліва з тымі, хто ў патрэбе; не паддавацца гневу, злапомснасці і жаданню помсты, але быць ціхімі, велікадушнымі і гатовымі да прабачэння; не ўпадаць у зласлоўе, якое знішчае добрае імя асобы, але глядзець пераважна на станоўчыя бакі кожнага”, - адзначыў Святы Айцец.

Гаворачы пра неабходнасць “трывання ў любові”, Пантыфік указаў на прыклад самога Бога, які “ніколі не стамляецца любіць” і заўсёды чакае сваіх дзяцей. Паводле Папы, Бог заклікае вернікаў жыць такой любоўю паміж сабой, і гэта зробіць іх сведчанне аб Хрысце больш пераканаўчым для свету. “Любоў не можа заставацца закрытай у самой сабе. Па сваёй прыродзе яна адкрытая, распаўсюджваецца і прыносіць плёны, нараджае новую любоў”, - падкрэсліў Пантыфік.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.