Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа павіншаваў новага кіраўніка Сірыйскай Праваслаўнай Царквы
Святы Айцец
05.04.2014 14:35

Пажаданні далейшага развіцця братэрскіх адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Сірыйскай Праваслаўнай Царквой выказаў Папа Францішак у віншавальнай тэлеграме на імя яе новага кіраўніка Патрыярха Ігнацыя Яфрэма II. Пантыфік адзначыў, што “свае найлепшыя пажаданні і малітоўную салідарнасць” перадае таксама духавенству і вернікам Сірыйскай Царквы, молячыся, каб “Дух Святы адарыў сваім багатым бласлаўленнем ганаровае служэнне” новага Патрыярха.

Папа пажадаў, каб новаабраны кіраўнік Царквы быў “духоўным айцом свайго народа і нястомным будаўніком супакою і справядлівасці, служачы агульнаму дабру і дабру ўсяго Блізкага Усходу ў сённяшніх цяжкіх умовах”. Святы Айцец падкрэсліў, што ўсе хрысціяне павінны даваць сведчанне любові і супольнасці”, памятаючы малітву Хрыста падчас Апошняй Вячэры аб адзінстве сваіх вызнаўцаў.

Пантыфік падзякаваў Усемагутнаму Богу за сувязь братэрства, якая існуе паміж Каталіцкім Касцёлам і Сірыйскай Праваслаўнай Царквой, і выказаў надзею, што сяброўства і дыялог паміж дзвюма Цэрквамі будуць паглыбляцца.

Ігнацый Яфрэм II быў абраны Патрыярхам Антыёхіі і ўсяго Усходу 31 сакавіка, стаўшы наступнікам Патрыярха Ігнацыя Закі І Іваса, які адышоў у вечнасць 21 сакавіка.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.