Папа падчас Крыжовага шляху ў Калізеі: перад абліччам крыжа мы адчуваем сябе дзецьмі, а не рэчамі ці аб’ектамі |
Святы Айцец |
19.04.2014 13:56 |
Напрыканцы набажэнства Папа скіраваў да вернікаў некалькі словаў. “Бог змясціў на крыж Езуса ўвесь цяжар нашых грахоў, усе несправядлівасці, здзейсненыя кожным Каінам супраць свайго брата, усю горыч здрады Юды і Пятра, усю ганарыстасць магутных, усю пыху фальшывых сяброў. Гэта быў цяжкі крыж, як ноч для пакінутых людзей, цяжкі, як смерць дарагіх асобаў, цяжкі, таму што абагульняе ўсю пачварнасць зла”, - сказаў Пантыфік. Тым не менш, па словах Святога Айца, гаворка ідзе пра хвалебны крыж – як світанак пасля доўгай ночы, таму што ва ўсім праяўляецца любоў Бога, большая за чалавечыя беззаконні і здрады. “У крыжы мы бачым жахлівасць чалавека, калі ён дазваляе, каб ім кіравала зло; але бачым таксама бясконцую міласэрнасць Бога, які не адносіцца да нас згодна з нашымі грахамі, але паводле сваёй міласэрнасці. Перад абліччам крыжа Езуса мы бачым настолькі блізка, што з’яўляемся вечна любімымі, што можам дакрануцца да гэтай любові рукамі; перад абліччам крыжа адчуваем сябе “дзецьмі”, а не “рэчамі” ці аб’ектамі”, - адзначыў Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG) |