Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа прывітаў землякоў Яна ХХІІІ
Святы Айцец
25.04.2014 16:00

Папа Францішак скіраваў пасланне землякам бл. Яна ХХІІІ — жыхарам італьянскага рэгіёна Бергама і ў прыватнасці горада Сота-іль-Монтэ, у якім нарадзіўся будучы святы. Зварот Пантыфіка быў апублікаваны ў мясцовым выданні «Рэха Бергама», з якім супрацоўнічаў Ян ХХІІІ, яшчэ будучы звычайным святаром.

«Ведаю, як вы моцна любіце папу Яна і наколькі ён любіў сваю зямлю. З дня яго абрання Пантыфікам назва Бергама і Сота-іль-Монтэ сталі блізкімі ўсяму свету і яшчэ сёння, праз больш чым 50 гадоў, яны працягваюць атаясамлівацца з яго ўсмешкай на абліччы, пазначаным пяшчотнасцю айца», — напісаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў жыхароў Бергама дзякаваць Богу за вялікі дар святасці Яна ХХІІІ і захоўваць памяць пра зямлю, дзе яна ўзрастала — «зямлю глыбокай веры у штодзённасці, бедных сем’яў, паяднаных любоўю Пана, супольнасцяў, здольных да дзялення і простасці».

«Канешне, з таго часу свет змяніўся і новымі з’яўляюцца выклікі для місіі хрысціянскай супольнасці. Аднак, гэта спадчына можа натхніць нават і сёння Касцёл, пакліканы жыць салодкай і суцяшаючай радасцю евангелізацыі, быць спадарожнікам на шляху кожнага чалавека, «вясковай студняй», з якой усе могуць чэрпаць свежую ваду Евангелля», — адзначыў Пантыфік.

Паводле Папы Францішка, шлях касцёльнага абнаўлення адкрыў ІІ Ватыканскі Сабор, ініцыяваны Янам ХХІІІ, і быў працягнуты падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ. Таму, на думку Святога Айца, супольная кананізацыя гэтых двух Пантыфікаў з’яўляецца крыніцай асаблівай радасці.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.