Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Украіны
Святы Айцец
26.04.2014 17:46
26 красавіка ў Ватыкане Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Украіны Арсенія Яцанюка. 

Пазней палітык сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам. 

Як паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё са спасылкай на Залу Друку Святога Пасаду, падчас перамоваў, якія адбыліся ў кантэксце добрых двухбаковых адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Украінай, была абмеркавана бягучая сітуацыя, з надзеяй, што ўсе зацікаўленыя бакі будуць канструктыўна працаваць разам для аднаўлення палітычнай і сацыяльнай стабільнасці ў краіне, у адпаведнасці з міжнародным правам, і спрыяць ўзаемаразуменню паміж народамі рэгіёну. 

Была таксама адзначана асаблівая роля, якую Цэрквы і рэлігійныя арганізацыі павінны адыграць у працэсе ўмацавання ўзаемнай павагі і згоды паміж усімі пластамі грамадства. Была зроблена спасылка на далейшыя дзеянні з боку міжнароднай супольнасці ў гэтым кантэксце.

Як было абвешчана, у сувязі з напружанай сітуацыяй на радзіме, украінскі прэм’ер вырашыў, што адразу ж пасля папскай аўдыенцыі вернецца ва Украіну.

Папа Францішак прыняў 26 красавіка 2014 г. таксама Прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага, Прэзідэнта Гандураса Хуана Арланда Эрнандэса Альварада і былога караля бельгійцаў Альберта II з каралевай Паолай.
 
(JAS) 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.