Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак падчас кананізацыйнай Імшы: Ян ХХІІІ і Ян Павел ІІ далі сведчанне аб дабрыні Бога, Яго міласэрнасці
Святы Айцец
27.04.2014 13:14

Ян ХХІІІ – Папа паслухмянасці Святому Духу, а Ян Павел ІІ – Папа сем’яў, адзначыў Святы Айцец Францішак падчас кананізацыйнай Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра, якую цэлебраваў разам з Пантыфікам на пенсіі Бэнэдыктам ХVI 27 красавіка. У літургіі разам з сотнямі тысяч вернікаў прынялі ўдзел прэзідэнты, прэм’ер-міністры і ўрадавыя дэлегацыі шматлікіх краін свету, а таксама беларускія іерархі і вернікі.

У гаміліі Папа Францішак, якога цытуе Ватыканскае радыё, нагадаў, што цэнтральнае месца ў літургіі гэтай нядзелі, якая заканчвае велікодную актаву і якую Ян Павел ІІ пажадаў прысвяціць Божай міласэрнасці, знаходзяцца хвалебныя раны ўваскрослага Хрыста. Паводле Папы, раны Езуса – гэта спакуса для веры, яны правяраюць яе, менавіта таму на целе ўваскрослага Хрыста яны не зніклі, а засталіся. Раны Езуса з’яўляюцца пастаянным знакам любові Бога да нас; яны неабходныя для веры ў Яго, веры не ў тое, што Бог існуе, але ў тое, што Бог – гэта любоў, міласэрнасць, вернасць, падкрэсліў Папа.

“Ян ХХІІІ і Ян Павел ІІ мелі адвагу глядзець на раны Езуса, дакранацца да Яго параненых рук і Яго прабітага бока. Яны не саромеліся цела Хрыста, не спакусіліся праз Яго і Яго крыж; не саромеліся цела брата, таму што ў кожнай пакутуючай асобе бачылі Езуса. Яны былі двума адважнымі людзьмі, поўнымі шчырасці Святога Духа, і далі сведчанне Касцёлу і свету аб дабрыні Бога, Яго міласэрнасці”, - сказаў Папа.

Новыя святыя, па словах Пантыфіка, былі святарамі, біскупамі і Папамі ХХ ст., ведалі яго трагедыі, але не паддаліся іх знішчальнай моцы, бо мацнейшым у іх быў Бог, вера ў Езуса Хрыста, Божая міласэрнасць і матчына блізкасць Марыі.

“У гэтых двух асобах – сузіраючых раны Хрыста і сведках Яго міласэрнасці - пасялілася “жывая надзея” разам з “невымоўнай і хвалебнай радасцю”. Надзея і радасць, якія Хрыстус Уваскрослы дае сваім вучням і якіх ніхто і нішто не можа пазбавіць. Пасхальныя надзея і радасць, якія прайшлі праз тыгель пазбаўлення ўсяго, апусташэння, крайняй блізкасці да грэшнікаў, аж да млоснасці ад горычы гэтага келіху. Такога кшталту надзею і радасць гэтыя два святыя Папы атрымалі ў дар ад уваскрослага Пана і са свайго боку ў дастатку падарылі Божаму народу, атрымаўшы ад яго вечнае прызнанне”, - сказаў Папа Францішак.

Паводле Пантыфіка, такімі надзеяй і радасцю жыла першая супольнасць вернікаў у Ерузалеме. “Гэта супольнасць, у якой жылі самой сутнасцю Евангелля – гэта значыць любоўю, міласэрнасцю, у прастаце і братэрстве”, - сказаў Святы Айцец.

“Ян ХХІІІ і Ян Павел ІІ супрацоўнічалі са Святым Духам, каб абнавіць і дапоўніць Касцёл згодна з яго сапраўдным абліччам, абліччам, якое яму далі святыя на працягу стагоддзяў. Не будзем забывацца, што менавіта святыя вядуць Касцёл наперад і дазваляюць яму расці”, - нагадаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што Ян ХХІІІ, склікаючы Другі Ватыканскі Сабор, прадэманстраваў паслухмянасць Святому Духу, дазволіў Яму весці сябе і таму стаў для Касцёла пастырам, “кіраўніком, які сам быў кіраваны”. “Гэта было яго вялікім служэннем Касцёлу, ён быў Папам паслухмянасці Святому Духу”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што, у сваю чаргу, Ян Павел ІІ хацеў, каб яго лічылі “Папам сям’і”.

“Няхай гэтыя два новыя святыя пастыры Божага народа заступаюцца за Касцёл, каб ён на працягу гэтых двух гадоў сінадальнага працэсу быў паслухмяным Святому Духу ў душпастырскім служэнні сем’ям. Няхай абодва навучаюць нас не спакушацца праз раны Хрыста, уваходзіць ў таямніцу Божай міласэрнасці, якая заўсёды спадзяецца, заўсёды прабачае, таму што заўсёды любіць”, - сказаў Папа. Пантыфіка на плошчы св. Пятра і вуліцах Рыма слухалі каля 800 тыс. чалавек.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.