Папа Францішак у Святой Зямлі пройдзе шляхам Паўла VI |
Святы Айцец
|
16.05.2014 13:12 |
Ідэя здзяйснення Папам Францішкам пілігрымкі ў Святую Зямлю заключаецца ў тым, каб узгадаць пра “незвычайнае падарожжа” Паўла VI на радзіму Езуса, якое адбылося 50 гадоў таму, у студзені 1964 г., адзначыў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі.
Святар паведаміў, што арганізаваць візіт Пантыфіка зімой было немагчыма, таму было вырашана правесці яго ў канцы мая, тым не менш сувязь паміж гэтымі двума візітамі застаецца фундаментальнай.
Папа Францішак, як і Павел VI, правядзе ў Святой Зямлі тры дні. Першая галоўная падзея ў рамках падарожжа пройдзе ў нядзелю 25 мая ў Бэтлееме – тут Папа ўзначаліць Эўхарыстыю і прыме ўдзел у экуменічнай сустрэчы з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем і прадстаўнікамі іншых канфесій. 24 мая Папа наведае Іярданію, 26 мая – Ізраіль. У Іерусаліме, у тым самым месцы, дзе Павел VI сустракаўся з Патрыярхам Афінагорам, адбудзецца прыватная сустрэча Папы Францішка з Патрыярхам Барталамеем, падчас якой каталіцкі і праваслаўны лідары падпішуць супольную дэкларацыю.
Міжрэлігійны характар падарожжа будзе адлюстроўваць і склад дэлегацыі, якая будзе суправаджаць Пантыфіка: разам з ім у паездцы прымуць удзел рабін з Буэнас-Айрэса Абрагам Скорка і шэйх Амар Ахмед Абуд, генеральны сакратар Інстытута міжрэлігійнага дыялогу Аргенціны, якіх Папа добра ведае яшчэ з часоў свайго жыцця і служэння ў Аргенціне.
Гэта будзе другое міжнароднае падарожжа Папы пасля яго ўдзелу ў Сусветным дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра летам 2013 г.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|