24 мая Папа Францішак прыбыў у Аман, дзе пройдзе першы этап яго пілігрымкі ў Святую Зямлю. У гэты дзень Святы Айцец звярнуўся да кіраўніцтва іарданскага каралеўства, членаў дыпламатычнага
корпусу і рэлігійных лідараў у Каралеўскім палацы ў Амане, а таксама узначаліў Імшу на тэрыторыі Міжнароднага стадыёна.
Вітаў Святога Айца князь Газі, які прадстаўляў караля Абдалу II;
Лацінскі Патрыярх Іерусаліма Фуад Туаль; кусташ Святой Зямлі айцец
П’ербацісто Піцабала; Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Джорджо Лінгуа і
іншыя прадстаўнікі грамадзянскіх і рэлігійных уладаў. Дзеці ўручылі Пантыфіку чорную архідэю, сімвал іарданскага каралеўства.
Падчас палёту ў Аман Святы Айцец прывітаў журналістаў, якія размясціліся разам з ім у самалёце, падзякаваўшы ім за прысутнасць падчас пілігрымкі.
Пазней у Каралеўскім палацы ў Амане Святы Айцец звярнуўся да больш чым 300 прадстаўнікоў кіраўніцтва іарданскага каралеўства, членаў дыпламатычнага корпусу і рэлігійных лідараў. Папа Францішак нагадаў, што хрысціяне жывуць на тэрыторыі Іарданіі яшчэ з апостальскіх часоў і робяць каштоўны ўнёсак на карысць супольнага дабра краіны. Паводле Пантыфіка, вызнаўцы Хрыста з’яўляюцца неад’емнай часткай грамадстваў блізкаўсходняга рэгіёну і жадаюць удзельнічаць у іх будаванні разам са сваімі мусульманскімі суграмадзянамі. Нягледзячы на сваю нешматлікасць, хрысціяне ажыццяўляюць сваю каштоўную дзейнасць, перш за ўсё, у адукацыйнай і медыцынскай сферах, у школах і бальніцах, нагадаў Папа і пажадаў, каб на Блізкім Усходзве і ва ўсім свеце яны маглі спакойна вызнаваць сваю веру.
Папа выказаў падзяку іарданскім уладам за шчодрую гасцінасць, аказаную вялікай колькасці бежанцаў з Палесціны, Іраку, Сірыі і іншых краін. “Такая гасціннасць заслугоўвае павагі і падтрымкі міжнароднай супольнасці”, - сказаў Святы Айцец і дадаў, што Касцёл таксама, паводле сваіх магчымасцяў, намагаецца дапамагаць бежанцам і ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу.
Асаблівую падзяку Пантыфік скіраваў каралю Іарданіі Абдале ІІ за спрыянне “адпаведнаму разуменню каштоўнасцяў, якія абвяшчаюцца ісламам, і спакойнаму суіснаванню паміж вернікамі розных рэлігій”. Папа высока ацаніў ініцыятывы Іарданіі на карысць міжрэлігійнага дыялогу і большага ўзаемаразумення паміж юдэямі, хрысціянамі і мусульманамі.
Святы Айцец адзначыў уклад іарданскіх уладаў у пошуку шляхоў устанаўлення трывалага міру ва ўсім блізкаўсходнім рэгіёне і падкрэсліў, што ў гэтым кантэксце, як ніколі, неабходным і тэрміновым з’яўляецца мірнае вырашэнне сірыйскага крызісу і справядлівае рашэнне ізраільска-палесцінскага канфлікту.
Таксама ў гэты дзень Пантыфік узначаліў Імшу, якая прайшла на тэрыторыі Міжнароднага стадыёна ў Амане, размешчанага недалёка ад месца, дзе Святы Дух сышоў на Хрыста пасля Яго хросту ў рацэ Ярдан. Папа адзначыў, што Святы Дух, сыходзячы на Хрыста, рыхтаваў Яго да місіі збаўлення, якую мог выканаць толькі пакорны і лагодны слуга, гатовы да дзялення з іншымі і поўнага аддання самаго сябе. Таксама, па словах Пантыфіка, Святы Дух унутрана намашчаў Езуса і вучняў, каб мелі тыя ж пачуцці, што і Збаўца, і маглі спрыяць спакою і адзінству. “Праз намашчэнне Духа наша чалавечнасць пазначаецца святасцю Езуса Хрыста і робіць здольнымі любіць братоў той самай любоўю, якой Бог нас любіць”, - сказаў Папа і заклікаў вернікаў да жэстаў пакоры, братэрства, прабачэння і прымірэння, таму што яны з’яўляюцца прадумовай сапраўднага міру – моцнага і трывалага.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|