25 мая Папа Францішак узначаліў Імшу на плошчы перад базылікай Божага Нараджэння ў Бэтлееме. Пантыфік нагадаў, што Дзіцятка Езус, народжанае ў Бэтлееме, было знакам, які Бог даў тым, хто чакаў збаўлення, і застаецца знакам Божай пяшчоты і прысутнасці ў свеце.
“Таксама і сёння дзеці – гэта знак. Знак надзеі, знак жыцця, але таксама “дыягнастычны” знак, неабходны для разумення стану здароўя сям’і, грамадства, усяго свету. Калі дзеці прымаюцца, калі іх любяць, бароняць – тады і сям’я здаровая, грамадства развіваецца, а свет становіцца больш гуманным”, - адзначыў Папа, дадаўшы, што сёння дзеці маюць патрэбу ў прыняцці і абароненасці, ад свайго зачацця ва ўлонні маці.
Пантыфік падкрэсліў, што, на жаль, у сённяшні час высокіх тэхналогій шмат дзяцей прабываюць у нечалавечых умовах, жывуць на ўзбочыне грамадства, на перыферыях вялікіх гарадоў і сёлаў. “Шмат дзяцей яшчэ сёння выкарыстоўваецца, зневажаецца, ператвараецца ў рабоў, становіцца аб’ектамі насілля і незаконнага гандлю”, - падкрэсліў Папа. Святы Айцец нагадаў таксама пра лёс дзяцей-бежанцаў, якія гінуць у водах Міжземнамор’я. “Усяго гэтага мы саромеемся сёння перад абліччам Бога, Бога – які стаў Немаўлём”, - адзначыў Папа.
Пантыфік нагадаў пра плач мільёнаў дзяцей ва ўсім свеце, які не павінен пакінуць абыякавымі. “У свеце, які штодзённа выкідвае тоны ежы і лекаў, ёсць дзеці, якія плачуць ад голаду і хвароб, якія лёгка вылечваюцца. У свеце, які абвяшчае клопат аб непаўналетніх, гандлююць зброяй, што трапляе ў рукі дзяцей-салдат; гандлююць прадуктамі, зробленымі рукамі маленькіх працаўнікоў-рабоў. Іх плач заглушаецца – плач гэтых дзяцей заглушаецца!” - падкрэсліў Папа.
Пантыфік заклікаў паглядзець на жыццё дзяцей у грамадствах і даць пачатак новаму стылю жыцця, дзе больш не будзе канфліктаў, злоўжыванняў, спажывецтва, але настане братэрства, прабачэнне, згода, дзяленне і любоў.
У літургіі на плошчы перад базылікай прынялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек – менавіта такую колькасць вернікаў яна магла ўмясціць. На заканчэнне Эўхарыстыі Папа разам з вернікамі прамовіў велікодную малітву “Regina Coeli”.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|