Кульмінацыяй сваёй пілігрымкі на радзіму Хрыста Папа Францішак назваў экуменічную малітву ў базыліцы Гробу Пана. У ёй, разам з Пантыфікам і Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем, прынялі ўдзел праваслаўны Патрыярх Іерусаліма Тэафіл ІІІ, кусташ Святой Зямлі айцец Пьербацісто Піцабала, армянскі Патрыярх Іерусаліма Нурхан, прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій.
На пачатку малітвы пры ўваходзе ў базыліку Пантыфік і Экуменічны Патрыярх ушанавалі месца, на якое пасля смерці было пакладзена цела Хрыста. Звяртаючыся да прысутных, Папа заўважыў, што магіла, у якой быў пахаванны Хрыстус, з’яўляецца месцам, адкуль пачала распаўсюджвацца навіна пра ўваскрасенне; яна з’яўляецца фундаментам веры для ўсіх хрысціян, і кожны ахрышчаны духоўна ўваскрос у гэтай грабніцы. “Мы людзі ўваскрасення, а не смерці”, - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец заклікаў не быць “глухімі адносна моцнага закліку аб адзінстве”, якое праяўляецца ў дзяленні аднаго і таго ж эўхарыстычнага стала. “Адрозненні не павінны нас спалохаць і паралізаваць наш шлях”, - сказаў Папа і заклікаў верыць у тое, што, як быў адсунуты камень ад уваходу ў магілу Хрыста, так могуць знікнуць усе перашкоды для поўнага адзінства паміж хрысціянамі. “Гэта будзе ласкай уваскрасення, смак якой ужо сёння можам прадчуваць”, - адзначыў Пантыфік.
Уваскрасенне, дадаў Святы Айцец, адбываецца кожны раз, калі хрысціяне просяць прабачэння адзін у аднаго і маюць адвагу яго прымаць; калі пераўзыходзяць забабоны і развіваюць братэрскія адносіны; калі думаюць пра будучыню Касцёла з перспектывы паклікання да еднасці. Папа нагадаў, што дзякуючы хрысціянам розных канфесій, якія сёння разам церпяць, рэалізуецца сапраўдны экуменізм пакутаў і крыві.
Пасля прамовы Пантыфіка ўдзельнікі малітвы перадалі адзін аднаму знак супакою і памаліліся “Ойча наш”. Затым яны разам наведалі магілу Хрыста і Галгофу.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|