Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак узначаліў Імшу ў месцы Апошняй Вячэры
Святы Айцец
27.05.2014 11:52

26 мая Папа Францішак узначаліў Імшу ў месцы Апошняй Вячэры. Гэтая Эўхарыстыя стала завяршальным пунктам пілігрымкі Пантыфіка ў Святую Зямлю.

Пантыфік адзначыў падчас Імшы, што ў гэтым месцы нарадзіўся Касцёл і адсюль выйшаў, з падзеленым хлебам у руках, з ранамі Езуса перад вачыма і Духам любові ў сэрцы. Менавіта тут, нагадаў Папа, уваскрослы Хрыстус удыхнуў у вучняў Святога Духа, каб Яго сілай перамянялі аблічча зямлі. Касцёл, па словах Святога Айца, захоўвае памяць пра ўсё, што адбылося тады, а Дух Суцяшыцель нагадвае кожнае слова, кожны жэст і адкрывае іх сэнс. Вячэрнік, як адзначыў Папа, нагадвае пра важнасць служэння, таму што тут Езус абмыў ногі апосталам; пра самаахвяраванне, бо менавіта тут была ўстаноўлена Эўхарыстыя; пра сяброўства, таму што Пан учыніў людзей сваімі сябрамі; пра развітанне з Настаўнікам і абяцанне прабывання сярод Яго сяброў. Адначасова, дадаў Папа, Вячэрнік нагадавае пра подласць і здраду: кожны можа здрадзіць Хрысту сваімі грахамі, высакамернасцю і асуджэннем бліжніх.

Таксама, па словах Пантыфіка, Вячэрнік нагадвае пра нараджэнне новай сям’і – Касцёла, заснаванага ўваскрослым Езусам, пра дзяленне, братэрства і мір паміж людзьмі. “Колькі любові, колькі дабра вылілася з Вячэрніка. Колькі міласэрнасці выйшла адсюль, як з крыніцы ракі, якая напачатку з’яўляецца струменем, а затым пашыраецца і становіцца вялікай. Усе святыя чэрпалі адсюль, вялікая рака святасці Касцёла заўсёды бярэ пачатак адсюль, заўсёды абнаўляецца з Сэрца Езуса, Эўхарыстыі і Святога Духа”, - сказаў Папа.

Гарызонт Вячэрніка, паводле Пантыфіка, - гэта гарызонт уваскрослага Хрыста і Касцёла – гарызонт чакання новага спаслання Святога Духа. “Няхай сыдзе Дух Твой і абновіць аблічча зямлі!” - заклікаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.