Папа Францішак сустрэўся з дзецьмі з бедных і праблемных сем’яў |
Святы Айцец
|
31.05.2014 20:36 |
Лепшы свет немагчыма пабудаваць пры дапамозе нянавісці, але толькі дзякуючы сіле любові, адзначыў Папа Францішак на сустрэчы з дзецьмі з бедных і праблемных сем’яў, якія ўдзельнічалі ў ініцыятыве Папскай рады па культуры “Падворак дзяцей”.
У Ватыкан “Дзіцячым цягніком” з Неапаля і Рыма прыбылі каля 500 школьнікаў, якія на працягу некалькіх папярэдніх месяцаў прымалі ўдзел у развіваючых майстар-класах, сустрэчах і забавах, арганізаваных пры катакомбах св. Януарыя ў Неапалі і св. Прысцылы ў Рыме. Кульмінацыяй іх удзелу ў ініцыятыве стала сустрэча з Пантыфікам.
У праграме візіту ў Рым было таксама наведванне базылікі св. Пятра, Калізея і амфітэатра Флавія. Паводле арганізатараў паездкі, такая “культурная педагогіка” дазваляе перадаць дзецям моцныя чалавечыя і духоўныя пасланні.
Сустрэча з Папам Францішкам прайшла ў фае ватыканскай Залы Паўла VI. Дзеці акружылі Святога Айца, які размаўляў і ахвотна фатаграфаўся з імі. На развітанне Пантыфік паабяцаў сваім маленькім гасцям маліцца, каб яны сталі людзьмі, якія нясуць у свет любоў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|