Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак асуджае карупцыянераў і заклікае маліцца за іх навяртанне
Святы Айцец
18.06.2014 10:47

«Карупцыянер выклікае гнеў Бога і абражае народ Божы», — падкрэсліў Папа Францішак 17 чэрвеня 2014 г. падчас ранішняй св. Імшы. Ён звярнуўся да гісторыі біблійнага Набота, які стаў ахвярай караля Ахаба і заявіў, што для карупцыянераў ёсць толькі адно выйсце «прасіць прабачэння», у адваротным выпадку прыйдзецца сутыкнуцца з Божым гневам.

Калі хтосьці ўваходзіць на «шлях карупцыі» — адбірае жыццё ў іншай асобы, узурпуе яго і прадае. Чалавек становіцца для яго таварам. Папа паўтарыў сваю думку з учарашняй гаміліі, што за карупцыю багатых заўсёды расплочваюцца бедныя. Бог ясна кажа, што ён зробіць з карупцыянерам у сваіх словах да Ахаба: «Я спашлю на цябе няшчасце і выпалю за табою, і вынішчу ў доме Ахаба кожнага хлопца, і зняволенага, і вольнага ў Ізраэлі». Пантыфік з жалем адзначыў, што карупцыянер не толькі крадзе, але і выкарыстоўвае нявінных, тых, хто не можа абараніць сябе. І робіць гэта ў «белых пальчатках», на адлегласці, не брудзячы ўласных рук.

Але выйсце для карумпаванага чалавека ёсць, падкрэсліў Папа і працытаваў фрагмент з Першай кнігі Валадарстваў: «Калі Ахаб пачуў усе гэтыя словы, разарваў шаты свае і надзеў на сваё цела мяшок, і пасціў, і спаў у мяшку, і хадзіў у смутку». Ён пакаяўся. Гэта, дадаў Пантыфік, паратунак для карупцыянераў, для карумпаваных палітыкаў, бізнесменаў і духавенства — прасіць прабачэння.

Папа Францішак заклікаў вернікаў прасіць прабачэння за карумпаваных хрысціян, маліцца за іх, каб Бог даў ім ласку пакаяцца, каб яны не памерлі «з карумпаваным сэрцам». «Асудзіць карупцыянераў – так», - сказаў Папа, але і маліцца за іх навяртанне.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.