Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся са зняволенымі турмы ў Кастравілары і бацькамі дзіцяці, забітага гандлярамі наркотыкаў
Святы Айцец
21.06.2014 15:44

Зняволенне ў турме павінна спрыяць эфектыўнай рэінтэграцыі былых асуджаных у грамадства; калі гэтай мэтай грэбаваць, то яно стане толькі прыладай пакарання і помсты, што з’яўляецца шкодным як для індывідуума, так і для ўсёй супольнасці, - з такімі словамі Папа Францішак звярнуўся да амаль двухсот мужчын і жанчын, адбываючых пакаранне ў турме “Разэта Сіска” ў Кастравілары, і персанала ўстановы. Візіт у турму стаў першым у праграме падарожжа Святога Айца ў Калабрыю.

Папа прызнаўся, што гэтым жэстам выказвае сваю блізкасць і блізкасць усяго Касцёла да людзей, якія знаходзяцца ў турмах ва ўсім свеце. “Езус казаў: “Я быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”, нагадаў Пантыфік. Рэінтэграцыя былых асуджаных у грамадства, па словах Папы, не з’яўляецца выключна плёнам чалавечых намаганняў. “У гэты шлях уваходзіць таксама сустрэча з Богам, здольнасць адкрывацца на позірк Бога, які нас любіць, можа зразумець і прабачыць нашы памылкі. Пан – гэта настаўнік рэінтэграцыі: ён бярэ нас за руку і вяртае ў грамадства. Пан заўсёды прабачае, суправаджае, разумее. Ад нас чакаецца толькі дазволу на гэта разуменне, прабачэнне, суправаджэнне”, - сказаў Папа.

Пантыфік пажадаў зняволеным, каб яны не гублялі ўпустую “каштоўны час”, праведзены ў зняволенні, а прасілі ў Бога аб атрыманні гэтай ласкі. “Робячы так, дапаможаце стаць лепшымі перш за ўсё самім сабе, але ў той жа час і супольнасці”, - сказаў Святы Айцец.

Падчас сустрэчы са зняволенымі Пантыфік паразмаўляў з бацькамі і бабулямі трохгадовага Коко Кампалонго – хлопчыка, які напрыканцы студзеня 2014 г. быў забіты і спалены ў аўтамабіле гандлярамі наркотыкаў. Папа запэўніў у сваёй салідарнасці з маці дзіцяці і выказаў спадзяванне, што такія жудасныя злачынствы больш ніколі не будуць паўтарацца. “Няхай ніколі больш не будзе насілля над дзецьмі. Няхай ніколі больш не здараецца так, каб дзеці павінны былі пераносіць падобныя пакуты”, - сказаў Пантыфік, заклікаў бацькоў не ўпадаць у роспач і запэўніў, што моліцца за іх і за забітага хлопчыка.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.