У межах візіту ў дыяцэзію Касана-ала-Ёніё (Італія) 21 чэрвеня Папа Францішак сустрэўся з духавенствам дыяцэзіі. Сустрэча адбылася ў мясцовым архікатэдральным касцёле.
Па словах Папы, няма нічога лепшага за адчуванне паклікання Пана – паклікання быць з Ім, несці іншым людзям Яго самога, а таксама Яго слова і прабачэнне. “Калі мы, святары, становімся перад табэрнакулюмам, спыняемся на адзін момант там у маўчанні, тады па-новаму адчуваем позірк Езуса на нас, і гэты позірк нас абнаўляе, натхняе”, - сказаў Пантыфік. Менавіта ціхая малітва, адзначыў Папа, дапамагае святарам убачыць, працуюць яны добра або ператварыліся ў “служачых”; ці з’яўляюцца адкрытымі “каналамі”, праз якія выходзіць любоў і ласка Божая, або засяроджанымі на сябе, не дапамагаючымі сустрэць Пана, святло і сілу Евангелля.
Святы Айцец перакананы, што ісці за Панам разам з іншымі святарамі, іншага ўзросту, якія маюць адметныя дары, таленты, – гэта цудоўна і такая разнастайнасць узбагачае ўсё духавенства. Але, дадаў Папа, адзінства і братэрства не з’яўляюцца лёгкімі і дадзенымі самі па сабе: “У першую чаргу таму, што і мы, святары, паглыбіліся ў сучасную суб’ектывісцкую культуру, якая ўзвышае асабістае “я” аж да пакланення яму. Але таксама з прычыны пэўнага душпастырскага індывідуалізму, які, на жаль, распаўсюдзіўся ў нашых дыяцэзіях. Мы павінны рэагаваць на гэта, выбіраючы братэрства. Я свядома кажу пра “выбар”. Братэрства не можа быць рэччу, якая залежыць ад выпадку, ад спрыяльнасці ўмоваў... Не, гэта выбар, які адпавядае рэчаіснасці, складаючай нас, дару, які атрымалі, але які трэба пастаянна прымаць і умацоўваць: адзінству з Хрыстом у прэзбітэрыяце, вакол Біскупа”.
Папа заклікаў святароў дыяцэзіі надаваць асаблівую ўвагу працы з сем’ямі і на карысць сем’яў. “Гэта праца, аб якой Пан просіць асабліва ў наш час – складаны для сям’і як інстытута і для сем’яў з прычыны крызісу. Але менавіта калі час складаны, Бог дапамагае адчуць сваю блізкасць, ласку, прароцкую сілу свайго слова”, - адзначыў Пантыфік.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|