Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак да новых Мітрапалітаў: чаго мы баімся?
Святы Айцец
30.06.2014 16:41

«Ці баімся мы? Чаго мы баімся? І калі баімся, куды хаваемся ў нашым душпастырскім жыцці ў пошуках бяспекі? Можа шукаем падтрымкі тых, хто мае ўладу ў гэтым свеце? Ці паддаёмся памылцы ганарыстасці, імкнучыся да ўзнагарод і прызнання, і нам здаецца, што там мы ў бяспецы? У чым мы шукаем нашай бяспекі?», — такія пытанні паставіў 29 чэрвеня 2014 г., ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, Папа Францішак перад арцыбіскупамі мітрапалітамі.

Пантыфік блаславіў паліі і наклаў іх на плечы кожнага з іх, пераказаўшы знак спакою. Сярод 24 прызначаных за апошнія 12 месяцаў арцыбіскупаў былі іерархі з Індыі, Італіі, Польшчы, Бразіліі, Францыі, ЗША, Аўстрыі, Уругваю, Англіі і Філіпін. Палій з’яўляецца знакам гонару і літургічнай юрысдыкцыі. На самым пачатку Эўхарыстыі, якая прайшла ў ватыканскай базыліцы, Папа прывітаў дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату, якая традыцыйна прыбыла ў Ватыкан.

У сваёй гаміліі Францішак заўважыў, што «Пан вызваляе нас ад усялякага страху і ад усіх кайданоў, каб мы маглі быць па-сапраўднаму свабоднымі». Ён падкрэсліў, што сведчанне апостала Пятра нагадвае, што нашым сапраўдным сховішчам з’яўляецца вера ў Бога. «Яна адхіляе любыя асцярогі і прымушае нас вызваліцца ад усялякай няволі і ўсіх спакус свету”, — сказаў Папа і дадаў, што «вернасць Бога большая за нашы здрады і мацнейшая за нашу нявернасць».

Спасылаючыся на словы Езуса да Пятра: «Ідзі за мною!», Францішак адзначыў, што досвед першага з апосталаў з’яўляецца важным паведамленнем для арцыбіскупаў. «Сёння Пан паўтарае мне, вам і ўсім пастырам: “Ідзі за мною”. Не марнуй час на пустыя пытанні і размовы, не спыняйся на другасных справах, але паглядзі на тое, што важна і ідзі за Мною. (...) Ідзі за мною кажучы пра Мяне тым, сярод якіх жывеш дзень за днём, у працы, дыялогу і сяброўстве. Ідзі за мной, абвяшчаючы Евангелле ўсім, асабліва апошнім, каб усім хапіла Слова Жыцця, якое вызваляе ад ўсялякага страху і дае ўпэўненасць у вернасці Бога», — сказаў Папа.

Малітва вернікаў прагучала ў тым ліку на рускай, партугальскай і французскай мовах. Падчас знаку спакою да Святога Айца падышла дэлегацыя Канстанцінопальскага Патрыярхату. Пасля святой Імшы Пантыфік наблізіўся да хора Маскоўскага Патрыярхату, які прыехаў з Масквы спецыяльна на сённяшнія ўрачыстасці, і падзякаваў дырыжору і спевакам за супольнае з Сікстынскай капэлай музычнае аздабленне літургіі. Затым з дэлегацыяй Канстантынопальскага Патрыярхата Святы Айцец маліўся на працягу некалькіх хвілін на магіле св. Пятра.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.