Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец наведае «забыты куток Італіі», дзе пануе драматычная сітуацыя беспрацоўя
Святы Айцец
02.07.2014 16:23

Буйная падзея чакае 5 ліпеня італьянскі рэгіён Малізэ, які лічыцца перыферыяй краіны. Сюды прыбудзе Папа Францішак. Як і яго візіты на востраў бежанцаў Лампедузу, у эканамічна слабой Сардзініі, або ў апору арганізаванай злачыннасці Калабрыю, гэта падарожжа нараджае вялікія надзеі.

У Малізэ пануе драматычная сітуацыя з беспрацоўем, мясцовыя жыхары пакідаюць рэгіён, які многія называюць «забытым кутком Італіі». «Дапамажыце нам, Святы Ойча, каб кіраўніцтва нашага рэгіёну рабіла больш, шукаючы рашэнні для рынку працы, які церпіць бедства. Малізэ пастаўлена на калені», гаворыцца ў лісце супрацоўнікаў некаторых кампаній, адпраўленым на імя Папы. Узровень беспрацоўя тут вышэй за сярэдні па краіне і складае 16%. Мясцовыя жыхары чакаюць, што Папа Францішак яшчэ раз нагадае ўсім пра годнасць кожнага чалавека, якая грунтуецца на праве мець працу.

Галоўнай духоўнай падзеяй візіту стане святая Імша, якая адбудзецца на былым стадыёне «Romagnoli» ў Кампабаса. На ёй чакаецца 50 тыс. асоб. Затым Папа Францішак сустрэнецца ў мясцовай катэдры з хворымі. У «Доме Анёлаў» запланаваны абед з беднымі, пра якіх клапоціцца дыяцэзіяльнае аддзяленне дабрачыннага фонду «Caritas». У другой палове дня Папа сустрэнецца з моладдзю дыяцэзій Абруцца і Малізэ на плошчы ў Кастэльпетроза. Таксама прадугледжана сустрэча са зняволенымі з акруговага следчага ізалятара ў горадзе Ізэрніі. На заканчэнне візіту Пантыфік сустрэнецца з мясцовымі жыхарамі і пілігрымамі на плошчы перад катэдральным касцёлам і абвесціць Юбілейны год святога Папы Цэлестына V.

«Я спадзяюся, што гэты візіт стане выдатным пасланнем для асоб з сельскага свету», — сказаў біскуп Кампабаса-Баяна Джанкарла Брэганціні.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.