Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа заклікаў Еўрасаюз уключыцца ў выратаванне бежанцаў
Святы Айцец
07.07.2014 12:51

Папа Францішак асудзіў “логіку абыякавасці” ў адносінах да мігрантаў у пасланні з нагоды першай гадавіны свайго візіту на італьянскі востраў Лампедуза. Па словах Пантыфіка, драма гэтых людзей паглыбляецца, яны працягваюць паміраць, ратуючыся ад галечы, войнаў і канфліктаў.

Святы Айцец настойліва заклікаў Еўрапейскі Саюз смела і шчодра ўключыцца ў выратаванне бежанцаў, а хрысціянскія супольнасці і ўсіх людзей добрай волі – з разуменнем ставіцца да драмы мігрантаў і сведчыць ім сваю блізкасць і дапамогу.

Папа Францішак наведаў Лампедузу 8 ліпеня 2013 г. Пантыфік асудзіў у той час “глабалізацыю абыякавасці” і заклікаў да “глабалізацыі салідарнасці”. Гэты італьянскі востраў з’яўляецца “варотамі ў Еўропу” для сотняў тысяч бежанцаў, перш за ўсё з Блізкага Усходу. У гэтыя дні там праходзіць сустрэча пад дэвізам “Мой бацька быў мігрантам, а не нелегальным бежанцам”.

“Я чарговы раз духоўна накіроўваюся на міжземнаморскае ўзбярэжжа, каб плакаць з тымі, хто адчувае боль, і каб кінуць кветкі малітвы за жанчын, мужчын і дзяцей, якія сталі ахвярамі гэтай бясконцай драмы”, - напісаў Папа ў сваім пасланні. Пантыфік падкрэсліў, што трагедыю, якую мы да гэтага часу назіраем, нельга спыніць, кіруючыся логікай абыякавасці, - патрэбна логіка гасціннасці і абмену. Папа з сумам прызнаўся, што праз год пасля яго візіту на Лампедузу становішча бежанцаў стала нашмат горшым. “Чарговыя трагедыі здараюцца адна за другой, - напісаў Святы Айцец. - Маё сэрца з цяжкасцю пагаджаецца са смерцю гэтых братоў і сясцёр, якія вырашаюць пачаць цяжкае падарожжа, каб пазбегнуць драмы беднасці, войнаў і канфліктаў, часта звязаных з міжнароднай палітыкай”.

З пачатку гэтага года паўднёвага ўзбярэжжа Італіі дасягнула больш за 60 тысяч бежанцаў. Вельмі многім не ўдаецца выратавацца, іх магілай становіцца мора. Цэнтры дапамогі перапоўненыя, дзверы адкрываюць для мігрантаў школы, грамадскія цэнтры, парафіі і касцёлы. У храмах Палерма на месцы касцёльных лавак былі ўсталяваны ложкі для бежанцаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.