Папа заклікаў працягваць маліцца за спыненне канфліктаў на Блізкім Усходзе і ва Украіне |
Святы Айцец
|
20.07.2014 15:11 |
Папа Францішак прызнаўся, што “з заклапочанасцю” ўспрыняў навіны, якія прыходзяць з хрысціянскіх супольнасцяў у іракскім Масуле і іншых частак Блізкага Усходу. Як адзначыў Пантыфік 20 ліпеня пасля нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”, гэта месцы, дзе паслядоўнікі Хрыста з самага пачатку хрысціянства жылі са сваімі суграмадзянамі, прапаноўваючы істотны ўклад у дабро грамадства, а цяпер вымушаны пакідаць свае дамы і ўцякаць ад насілля.
Папа сказаў, што ведае пра іх пакуты і памятае пра іх у малітве, і заклікаў вернікаў працягваць маліцца за вырашэнне канфліктных сітуацый, якія існуюць у розных частках свету, “асабліва на Блізкім Усходзе і ва Украіне”. “Насілле не перамагаецца насіллем! Насілле перамагаецца мірам!” – дадаў Святы Айцец.
Становішча хрысціян у Іраку становіцца ўсё больш драматычным. Джыхадзісты захопліваюць іх дамы і ўводзяць забарону на любую гуманітарную дапамогу для іх. Вакол Масула і ў горадзе ўжо амаль няма хрысціян. Тых, хто застаўся, каталіцкія біскупы заклікалі пакінуць гэты раён. Новыя ўлады загадалі хрысціянам прыняць іслам або плаціць рэлігійны падатак, якi спаганяецца з немусульман. У адваротным выпадку яны павінны пакінуць горад.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|