Папа Францішак даслаў электронны ліст пробашчу адзінай парафіі ў сектары Газа |
Святы Айцец
|
20.07.2014 20:54 |
“Дарагі брат! Я атрымаў паведамленне праз кс. Марыё Карнёлі. Я выказваю сваю блізкасць табе, сёстрам і ўсёй каталіцкай супольнасці. Я суправаджаю вас сваёй малітвай і блізкасцю. Няхай Езус благаславіць вас і Маці Божая вас абараняе. З братэрскім прывітаннем! Францішак” - гэта тэкст электроннага ліста, які Папа даслаў пробашчу адзінай каталіцкай парафіі ў сектары Газа айцу Хорхе Эрнандэсу. Паведамленне прыйшло да яго 17 ліпеня, якраз перад канцом так званага перамір’я паміж ваюючымі бакамі і пачаткам наземнай аперацыі ізраільскіх войскаў у гэтым раёне.
Святы Айцец падкрэсліў такім чынам сваю салідарнасць з супольнасцю з 200 католікаў у Газе, якая апынулася ў цэнтры інтэнсіўных ваенных дзеянняў, што адбываюцца там ужо на працягу некалькіх дзён. 16 ліпеня ізраільскія ракеты знішчылі дом, які стаяў насупраць касцёла. Пасля пачатку ваеннай аперацыі Ізраіля туды перайшла супольнасць сясцёр місіянерак міласэрнасці, 28 дзяцей-інвалідаў і дзевяць пажылых жанчын. Перад абстрэлам яны ўсе паспелі эвакуіравацца. Менавіта на гэтае здарэнне спаслаўся ў сваім е-мэйле Пантыфік.
“У другой палове дня, пасля 17.00, тры ракеты знішчылі будынак, які знаходзіўся вельмі блізка да парафіі. Раней нам патэлефанавалі з Ізраіля і заклікалі пакінуць наш дом. Усе былі перамешчаны на тэрыторыю парафіі, таму што там было больш бяспечна”, - сказала сястра Лаўдзіс, адна з місіянерак Маці Тэрэзы з Калькуты.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|