Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа звярнуўся да ўдзельнікаў агульнаеўрапейскай скаўцкай сустрэчы «Еўраджэм»
Святы Айцец
04.08.2014 15:29

Маліцца за мір і не баяцца бараніць хрысціянскія каштоўнасці заклікаў Папа Францішак удзельнікаў агульнаеўрапейскай скаўцкай сустрэчы “Еўраджэм”, якая 3-10 жніўня 2014 г. праходзіць у французскай Нармандыі. У форуме прымаюць удзел каля 12 тыс. юнакоў і дзяўчат з амаль 20 краін Еўропы, у тым ліку з Беларусі. У беларускую дэлегацыю ўваходзяць скаўты з Барысава, Гомеля, Гродна, Івянца, Лынтупаў, Паставаў.

Сёлетні форум прымеркаваны да 100-годдзя з пачатку Першай сусветнай вайны і 70-годдзя гістарычнай высадкі саюзніцкіх войскаў на паўночным беразе Францыі. Агульнаеўрапейская скаўцкая сустрэча “Еўраджэм” праходзіць раз на дзесяць гадоў.

“Каб пазнаць Езуса, неабходна выйсці ў шлях і, ідучы, адкрыць для сябе, што Бога можна сустрэць рознымі спосабамі: праз прыгажосць Яго стварэння, праз любоў, якая ўваходзіць у нашу гісторыю, братэрскія адносіны і служэнне на карысць бліжняга”, - напісаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў сустрэчы. Святы Айцец заклікаў еўрапейскіх скаўтаў чэрпаць сілы з сакрамэнтаў і давяраць Божай любові, якая пазбаўляе ад усіх страхаў.

Успамін аб 100-годдзі з пачатку Першай сусветнай вайны, па словах Пантыфіка, з’яўляецца нагодай для малітвы аб адзінай і мірнай Еўропе. У жыцці кантынента, адзначыў Святы Айцец, хрысціянская моладзь павінна адыграваць важную ролю. “Вы з’яўляецеся сапраўднымі акцёрамі у гэтым свеце, а не проста гледачамі”, - падкрэсліў Папа і заклікаў мужна адказваць на выклікі, звязаныя з абаронай хрысціянскіх каштоўнасцяў, у першую чаргу ў сферы клопату аб чалавечым жыцці і годнасці, барацьбы з беднасцю. Заўсёды, калі шлях будзе станавіцца складаным, вам дапамогуць любоў і падтрымка Касцёла, паабяцаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.