Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец сустрэўся з нямецкамоўнымі міністрантамі
Святы Айцец
06.08.2014 12:00

5 жніўня 2014 г. на плошчы св. Пятра пачалася вялікая сустрэча міністрантаў, у якой прымаюць удзел юнакі і дзяўчаты з дыяцэзій Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі, у цэлым каля 50 тысяч чалавек. З міністрантамі сустрэўся Папа Францішак. Пілігрымка нямецкамоўных міністратаў у Рым праходзіць пад дэвізам “Свабодныя! Таму нам дазволена рабіць дабро”.

Пасля музычнай праграмы адбылася малітва, у рамках якой Святы Айцец звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай. Папа нагадаў, што праз Езуса Хрыста Бог споўніў тое, што даўно жадаў паказаць людзям, – што з’яўляецца добрым Айцом. “А як зрабіў гэта? Праз уцелаўленне свайго Сына, які стаў адным з нас. Праз гэтага канкрэтнага чалавека, імя якому Езус, мы можам зразумець тое, што Бог па-сапраўднаму жадае. Ён хоча, каб людзі былі свабоднымі, каб адчувалі сябе абароненымі, як дзеці добрым Айцом”, - сказаў Пантыфік.

Па словах Папы, каб споўніць гэты план, Богу спатрэбіўся толькі адзін чалавек – жанчына, маці, якая дала свету Божага Сына. “Марыя была цалкам свабоднай. Праз сваё “так” Яна зрабіла дабро назаўсёды. Такім чынам паслужыла Богу і людзям”, - адзначыў Папа і заклікаў міністрантаў ісці за прыкладам Марыі, калі жадаюць ведаць тое, што Бог чакае ад сваіх дзяцей.

Таксама Пантыфік адказаў на некаторыя пытанні і даў парады адносна таго, як сумяшчаць шматлікія захапленні са служэннем каля алтара і жыццём верай. Адзін з юнакоў спытаў у Папы, якім чынам маладыя людзі могуць станавіцца галоўнымі героямі ў жыцці Касцёла. “Мы, вучні Пана, маем на адну місію больш: мы павінны быць “каналамі”, якія перадаюць любоў Божую. І ў гэтай місіі вы, моладзь, маеце асаблівую ролю: вы пакліканы апавядаць пра Езуса вашым аднагодкам, не толькі ўнутры парафіяльнай супольнасці ці вашай асацыяцыі, але перадусім па-за імі”, - сказаў Святы Айцец. Пантыфік дадаў, што, каб казаць пра Хрыста, неабходна Яго добра ведаць і любіць, сустракацца з Ім на малітве, у слуханні Яго слова. Менавіта ў гэтым, паводле Папы, дапамагае служэнне міністрантаў, якое дазваляе быць блізка да Езуса – Слова і Хлеба жыцця.

Святы Айцец адзначыў важнасць умення спалучаць розныя віды дзейнасці з міністранцкім служэннем. “Неабходна крыху арганізавацца, ураўнаважана спланаваць усё... вы ж немцы, у вас гэта добра выходзіць”, - заўважыў Пантыфік.

“Наша жыццё складаецца з часу, а час – гэта дар Божы, таму неабходна прысвячаць яго справам добрым і плённым. Магчыма, многія маладыя людзі губляюць шмат часу на рэчы некарысныя: сядзенне ў інтэрнэце ці ў мабільніках, прагляд серыялаў. Прадукты тэхналагічнага працэсу, якія павінны спрашчаць і паляпшаць якасць жыцця, часам адцягваюць увагу ад таго, што па-сапраўднаму важнае”, - сказаў Папа. Святы Айцец заклікаў пасярод штодзённай руціны памятаць пра Бога і Ягоную любоў.

Папа заахвоціў міністрантаў разважліва карыстацца сваёй свабодай, каб яна не прывяла да нявольніцтва ад граху. “Дарагая моладзь, не выкарыстоўвайце кепска вашу свабоду! Не марнуйце вялікую годнасць дзяцей Божых, якая вам была падаравана. Калі ідзяце за Езусам і Яго Евангеллем, ваша свабода заквітнее, як расліна ў кветцы, і прынясе плёны добрыя і шматлікія”, паабяцаў Пантыфік.

Многія групы міністрантаў прыбылі ў Рым яшчэ 1 жніўня 2014 г. На працягу тыдня яны наведваюць касцёлы, прымаюць удзел у экскурсіях і знаёмяцца з культурным і духоўным багаццем Вечнага горада.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.