10 жніўня 2014 г. пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа Францішак звярнуўся да вернікаў у сувязі з сітуацыяй у Іраку, Палесціне і Ізраілі. Таксама Пантыфік заклікаў маліцца за ахвяраў вірусу Эбола.
Святы Айцец нагадаў пра тысячы іракцаў, сярод якіх шмат хрысціян, вымушаных пакінуць свае дамы, пра дзяцей, якія гінуць ад голаду і смагі, уцякаючы ад насілля, пра жанчын і мужчын, якія падвяргаюцца гвалту і забойствам, разбурэнні дамоў, культурных, рэлігійных і гістарычных каштоўнасцяў. “Усё гэта цяжка зневажае Бога і чалавецтва. Насілле не можа здзяйсняцца ў імя Бога. Войны не могуць весціся ў імя Бога!” - сказаў Папа.
Пантыфік падзякаваў тым, хто аказвае дапамогу ахвярам канфлікту ў Іраку, выказаў спадзяванне на хуткае прыняцце палітычнага рашэння на міжнародным і мясцовым узроўні, якое дапаможа спыніць злачынствы і аднавіць панаванне закона. Святы Айцец нагадаў, што прызначыў свайго спецыяльнага пасланніка, кардынала Фернандо Філоні, які 11 жніўня вылеціць у Ірак.
Папа заклікаў маліцца аб спыненні канфлікту і аб міры паміж Ізраілем і Палесцінай, а таксама за ахвяраў вірусу Эбола і тых, хто змагаецца, каб спыніць яго.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|