Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падзякаваў уладам і дыпкорпусу ў Паўднёвай Карэі за намаганні на карысць прымірэння і стабільнасці
Святы Айцец
14.08.2014 14:01

14 жніўня 2014 г. у Прэзідэнцкім палацы ў Сеуле адбылася афіцыйная цырымонія прывітання Папы Францішка. У цэнтры першай падчас апостальскага падарожжа ў Паўднёвую Карэю прамовы Папы былі тэмы міру і дыялогу.

Звяртаючыся да кіраўніка дзяржавы Пак Кын Хе і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, Святы Айцец высока ацаніў павагу да пажылых людзей і клопат аб моладзі, якія характарызуюць карэйскае грамадства. Пантыфік адзначыў важнасць разважання над спосабамі перадачы каштоўнасцяў новым пакаленням, а адной з галоўных каштоўнасцяў, назваў любоў да міру, які мае асаблівае значэнне на тэрыторыі Карэі – зямлі, доўга пакутуючай ад яго адсутнасці. “Выказваю маё захапленне намаганнямі на карысць прымірэння і стабільнасці на карэйскім паўвостраве і падтрымліваю іх, бо яны з’яўляюцца адзіным надзейным шляхам да трывалага міру. Яго пошук з боку Карэі нам асабліва дарагі, таму што ўплывае на стабільнасць у рэгіёне і ва ўсім свеце, стомленым ад вайны”, - сказаў Папа.

Мір, па словах Пантыфіка, - выклік для дыпламатыі, з дапамогай якой трэба разбураць муры недаверу і нянавісці, спрыяючы культуры прымірэння і салідарнасці. “Дыпламатыя, як мастацтва магчымага, грунтуецца на моцным і трывалым перакананні ў тым, што мір дасягаецца праз дыялог і ўважлівае і шчырае слуханне, а не праз узаемныя абвінавачванні, непатрэбную крытыку і дэманстрацыю сілы”, - адзначыў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што Паўднёвую Карэю, як і большасць іншых развітых краін, турбуюць шматлікія сацыяльныя праблемы, эканамічная няроўнасць і клопат аб захаванні навакольнага асяроддзя. У сувязі з гэтым Святы Айцец заклікаў рабіць усё магчымае для стварэння такой сацыяльнай атмасферы, у якой кожны член грамадства будзе выслуханы, будзе падтрымлівацца дух адкрытай камунікацыі, надавацца належная ўвага бедным, слабым і тым, хто не мае голасу, “не толькі выходзячы насустрач іх тэрміновым патрэбам, але і спрыяючы іх чалавечаму і духоўнаму росту”. Сёння, адзначыў Папа, існуе патрэба ў “глабалізацыі салідарнасці”, мэта якой – усебаковае развіццё кожнага члена чалавечай сям’і.

Святы Айцец заклікаў карэйскую каталіцкую супольнасць прымаць актыўны ўдзел у жыцці краіны, дадаўшы, што Касцёл жадае рабіць свой уклад у адукацыю моладзі, умацаванне духу салідарнасці з беднымі і спрыяць выхаванню новых пакаленняў грамадзян, гатовых дзяліцца сваёй мудрасцю і прадбачлівасцю, атрыманай у спадчыну ад продкаў і народжанай дзякуючы веры, дзеля вырашэння палітычных і сацыяльных праблем народа.

Пасля сустрэчы ў Прэзідэнцкім палацы Папа накіраваўся ў сядзібу Канферэнцыі Біскупаў Паўднёвай Карэі, дзе сустрэўся з каталіцкімі іерархамі краіны.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.