14 жніўня 2014 г. Папа Францішак сустрэўся ў Сеуле з членамі епіскапату Паўднёвай Карэі ў межах візіту ў гэтую краіну. Пантыфік заклікаў паўднёвакарэйскіх іерархаў бараніць памяць і надзею даверанага статку, назваў іх “нашчадкамі мучанікаў” і “іх гераічнага сведчання веры ў Хрыста”.
Папа нагадаў пра гісторыю хрысціянізацыі Карэі, якая прайшла без місіянераў, але дзякуючы актыўнай евангелізацыйнай дзейнасці мясцовых свецкіх вернікаў, чэрпаючых натхненне са знаёмства са Святым Пісаннем. Значным, па словах Святога Айца, з’яўляецца тое, што гісторыя Касцёла ў Карэі пачалася з непасрэднай сустрэчы з Божым словам. Быць абаронцам памяці, як сказаў Папа, азначае нешта большае, чым проста памятаць пра скарбы мінулага, - “гэта азначае таксама чэрпанне духоўных рэсурсаў, каб з трываласцю і рашучасцю адказваць на надзеі, абяцанні і выклікі будучыні”. Паводле Пантыфіка, угляданне ў мінулае без слухання закліку Бога да навяртання не дапаможа працягваць шлях, але наадварот – запаволіць ці нават спыніць духоўны прагрэс.
Іншы абавязак біскупа, як падкрэсліў Папа, - захоўваць надзею. “Мы пакліканы абвяшчаць свету, што акрамя матэрыяльнага дабрабыту трэба шукаць таксама нечага большага, сапраўднага і таго, што цалкам напаўняе”, - адзначыў Пантыфік і заклікаў іерархаў захоўваць надзею, падтрымліваючы жывым полымя святасці, братэрскай любові і місійнага запалу ў касцёльнай супольнасці.
Святы Айцец нагадаў пра неабходнасць быць місійным Касцёлам, які заўсёды выходзіць насустрач свету і ў першую чаргу на перыферыі сучаснага грамадства; заклікаў біскупаў надаваць належную ўвагу выхаванню дзяцей і моладзі, клапаціцца пра пажылых людзей, бедных, бежанцаў і мігрантаў. Гэтая дзейнасць, патлумачыў Папа, не павінна ператварыцца ў выключна сацыяльную дапамогу, бо кожны чалавек павінен расці як асоба і з годнасцю выражаць сваю асабовасць, крэатыўнасць і культуру.
Пантыфік пажадаў Касцёлу ў Паўднёвай Карэі не займацца пераняццем метадаў кіравання, планавання і арганізацыі, больш характэрных для свету бізнесу, развітага ў гэтай краіне, а не крытэрыям, абвешчаным Езусам у Евангеллі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|