Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі Дзён азіяцкай моладзі
Святы Айцец
15.08.2014 23:15

Маліцца аб паяднанні адзінай карэйскай сям’і, якая складаецца з братоў, што размаўляюць на адной мове, заклікаў Папа Францішак удзельнікаў VI Дзён азіяцкай моладзі ў межах свайго візіту ў Паўднёвую Карэю. Сустрэча адбылася 15 жніўня 2014 г. перад санктуарыем Сальмоэ ў Тэджоне.

На пачатку сустрэчы маладыя людзі з розных краін кантынента скіравалі да Святога Айца свае пытанні. Пантыфік сказаў юнакам і дзяўчатам, што сучасны свет разлічвае на іх. “Езус увайшоў у вашы сэрцы ў дзень хросту; даў свайго Духа ў дзень вашай канфірмацыі; пастаянна ўмацоўвае вас праз сваю прысутнасць у Эўхарыстыі, і так вы можаце быць Яго сведкамі перад светам. Вы гатовыя сказаць “так”?” - спытаў Папа.

Адказваючы на пытанне дзяўчыны з Камбоджы пра выбар паміж пакліканнем да манаскага ці сямейнага жыцця, Пантыфік параіў не выбіраць, а проста ісці за Езусам, пытаючыся ў Яго: “Пане, што я павінна рабіць?” Мэта абодвух гэтых пакліканняў, па словах Папы, адна: шанаваць Бога і чыніць дабро людзям.

Верніца з Камбоджы распавяла Святому Айцу пра вялікую колькасць мучанікаў з яе краіны, пра якіх ніхто не ведае. Папа паабяцаў задзейнічаць у вырашэнні гэтага пытання “ прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэло Амата. Маладая карэянка спытала ў Пантыфіка, які сэнс мае нянавісць, існуючая паміж дзвюма Карэямі. Па словах Папы, не існуе дзвюх Карэй - ёсць адна, але падзеленая: падзеленая сям’я.

“Перш за ўсё парада: маліцеся, маліцеся за вашых братоў з поўначы. “Пане, мы сям’я, дапамажы нам, дапамажы нашаму адзінству (...) Каб не было пераможцаў і пераможаных”, - сказаў Святы Айцец.

Адзінства будзе ўтопіяй без прабачэння - гэтай тэме Папа прысвяціў апошнюю частку сваёй прамовы, заклікаў моладзь карыстацца міласэрнасцю і цярплівасцю Бога і заўсёды “вяртацца ў дом, дзе чакае Айцец”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.