Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ўзначаліў заключную Імшу VI Дзён азіяцкай моладзі
Святы Айцец
17.08.2014 16:37

17 жніўня 2014 г. Папа Францішак у межах свайго візіту ў Паўднёвую Карэю ўзначаліў заключную Эўхарыстыю VI Дзён азіяцкай моладзі, якая адбылася на тэрыторыі старажытнага замка Хэмі – месца памяці пра смерць шматлікіх карэйскіх мучанікаў за веру.

Падчас Імшы Папа адзначыў, што тэма сёлетняй сустрэчы - “Хвала мучанікаў ззяе над вамі!” - дае важнае ўказанне. Азіяцкая моладзь, па словах Пантыфіка, з’яўляецца спадкаемцай вялікага сведчання, вельмі каштоўнага вызнання веры ў Хрыста, і заклік “узняцца”, такім чынам, – гэта заданне, адказнасць. Святы Айцец падкрэсліў, што азіяцкі кантынент, багаты філасофскімі і рэлігійнымі традыцыямі, застаецца мяжой для сведчання аб Хрысце. “Як моладзь, якая не толькі жыве ў Азіі, але і з’яўляецца дзецьмі гэтага кантынента, вы маеце права і абавязак прыняць поўны ўдзел у жыцці сваіх грамадстваў. Не бойцеся несці мудрасць веры ва ўсе сферы грамадскага жыцця!” - заклікаў Пантыфік.

Папа заахвоціў каталіцкую моладзь Азіі ўдасканальваць і ачышчаць з дапамогай веры прыгожую і цудоўную спадчыну азіяцкіх традыцый. “Будзьце здольнымі бачыць тое, што з’яўляецца сумяшчальным з вашай хрысціянскай верай, што супрацьлеглае жыццю ласкай, атрыманай з хростам, а таксама аспекты сучаснай культуры, якія з’яўляюцца грэшнымі, сапсутымі і вядуць да смерці”, - сказаў Пантыфік.

Гаворачы пра асаблівасці маладога ўзросту, Святы Айцец заклікаў юнакоў і дзяўчат з дапамогай Хрыста ператвараць свой натуральны аптымізм у хрысціянскую надзею, энергію – у маральныя цноты, а добрую волю – у сапраўдную любоў, здольную на ахвяраванне.

“Вы не толькі частка будучыні Касцёла, але і з’яўляецеся неабходнай і любімай часткай яго цяперашняга! Заставайцеся ў адзінстве, каб будаваць Касцёл больш святы, больш місійны і пакорны, Касцёл, які любіць і шануе Бога, намагаючыся служыць бедным, самотным, хворым і маргіналізаваным”, - заклікаў Пантыфік.

На заканчэнне літургіі было абвешчана месца правядзення наступных Дзён азіяцкай моладзі, якім стане Інданэзія ў 2017 г. Пасля заканчэння сустрэчы Папа Францішак на верталёце вярнуўся ў Сеул.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.