Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да біскупаў Азіі: Касцёл пакліканы несці сведчанне Евангелля праз дыялог і адкрытасць на ўсіх
Святы Айцец
18.08.2014 11:36

17 жніўня 2014 г. у межах візіту ў Паўднёвую Карэю Папа Францішак прыбыў у санктуарый Хэмі – месца, дзе аддалі жыццё за веру шматлікія хрысціяне, імёны якіх невядомыя. Тут адбылася сустрэча Пантыфіка з біскупамі Азіі.

У сваёй прамове Святы Айцец звярнуў увагу на ролю Касцёла на гэтым кантыненце, багатым разнастайнасцю культур. Касцёл, па словах Папы, пакліканы несці сведчанне Евангелля праз дыялог і адкрытасць на ўсіх, а адпраўной кропкай у дадзеным заданні павінна быць яснае ўсведамленне католікамі сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці. Каб свабодна, адкрыта і плённа камунікаваць з іншымі, трэба, адзначыў Пантыфік, разумець, кім мы з’яўляемся, што для нас учыніў Езус і чаго Ён чакае ў адказ. Такім чынам, важныя сведчанне і дыялог, а моцная хрысціянская ідэнтычнасць павінна быць краевугольным каменем.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на цяжкасці, якія неабходна прадбачаць і імкнуцца пазбягаць. Першая з іх – рэлятывізм, спакуса, якая ў сённяшнім свеце ўдарае таксама па хрысціянскіх супольнасцях. Папа дадаў, што гаворка ідзе не толькі пра рэлятывізм інтэлектуальны, але таксама практычны і штодзённы, які непазбежна аслабляе любую ідэнтычнасць. Другая спакуса - павярхоўнасць: імкненне за модай, уцяканне ад рэчаіснасці, і гэта, па словах Папы, сур’ёзная душпастырская праблема. Для служыцеляў Касцёла павярхоўнасць можа праяўляцца ў захапленні душпастырскімі праграмамі і тэорыямі,за кошт непасрэднай і плённай сустрэчы з вернікамі, асабліва маладымі, якія маюць патрэбу ў моцнай катэхізацыі і надзейным духоўным кіраўніцтве, адзначыў Пантыфік і дадаў, што без укаранёнасці ў Хрысце праўды, якімі жывем, паступова слабеюць, практыкаванне цнотаў становіцца фармалізмам, а дыялог зводзіцца да адной з формаў перамоваў, узгадненнем супярэчнасцяў.

Трэцяй спакусай Папа назваў жаданне схавацца за простымі адказамі, гатовымі выразамі, законамі і правіламі. Па словах Пантыфіка, вера па сваёй прыродзе не сканцэнтравана на самой сабе, а імкнецца “выходзіць вонкі”, станавіцца больш зразумелай, нараджаць сведчанне і місійнасць, а хрысціянская ідэнтычнасць заключаецца галоўным чынам у пашане да Бога і любові да іншых, служэнні людзям і сведчанні пра Таго, на каго пакладаецца надзея і давер.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.