Папа Францішак запэўніў у сваёй блізкасці іракскіх хрысціян, якія перажываюць драматычны перыяд пераследу і насілля з боку тэрарыстычных груповак, што захапілі значную частку краіны. 3 верасня 2014 г., звяртаючыся да арабамоўных вернікаў, перш за ўсё з Ірака, якія прыбылі на агульную аўдыенцыю ў Ватыкане, Пантыфік адзначыў, што Касцёл – гэта Маці, і, як ўсе маці, ён суправаджае сваіх дзяцей, патрабуючых дапамогі.
Па словах Папы, Касцёл, такім чынам, “падымае сына, які ўпаў, вылечвае хворага, шукае згубленага, абуджае заснуўшага, а таксама бароніць дзяцей безабаронных і тых, якія падвяргаюцца пераследу”. “Сёння я жадаю запэўніць вас – асабліва самых апошніх, гэта значыць безабаронных і пераследаваных, – у сваёй блізкасці: вы знаходзіцеся ў самым сэрцы Касцёла”, - сказаў Пантыфік.
“Касцёл пакутуе разам з вамі і ганарыцца вамі, ён ганарыцца такімі сынамі, як вы. Вы – яго цвярдыня, канкрэтнае і сапраўднае сведчанне яго паслання аб збаўленні, прабачэнні і любові. Я абдымаю ўсіх вас, усіх. Няхай Пан вас благаслаўляе і бароніць”, - дадаў Святы Айцец.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|