Прывілеяванае месца для сустрэчы з Хрыстом — гэта нашы грахі, а калі хрысціянін не здольны адчуваць сябе грэшнікам, збаўленым крывёй Хрыста — то ён хрысціянін «напалову», хрысціянін «цёплы», адзначыў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 4 верасня.
Апосталы Пётр і Павел, на думку Пантыфіка, дапамагаюць зразумець, што хрысціянін можа хваліцца толькі дзвюма рэчамі: «уласнымі грахамі і Хрыстом укрыжаваным». Менавіта з усведамленнем гэтага, слова Божае напаўняецца сілай, здольнай перамяняць і даваць жыццё, лічыць Папа. На яго думку, сіла Божага слова не ў прыгожых і разумных прамовах. Пантыфік прывёў у прыклад св. Паўла, які «вучыўся ў найважнейшых прафесараў таго часу», але хваліўся толькі ўласнымі грахамі і Хрыстом укрыжаваным за яго. «Сіла Божага слова — гэта сустрэча паміж маімі грахамі і крывёй Хрыста, якая мяне збаўляе. А калі няма гэтай сустрэчы — няма сілы ў сэрцы. Калі забываем пра гэту сустрэчу, якая здарылася ў жыцці, становімся людзьмі гэтага свету: хочам казаць пра Божыя справы выключна ў чалавечых катэгорыях, што непатрэбна, бо не дае жыцця», — сказаў Папа.Падобнае сведчанне, на думку Пантыфіка, дае і прыклад св. Пятра, які падчас цудоўнай лоўлі рыбы, змог убачыць ўласную слабасць і кінуўся да ног Настаўніка са словамі: «Адыйдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». У гэтай сустрэчы паміж Хрыстом і нашымі грахамі — збаўленне, перакананы Францішак. «Калі хрысціянін не здольны адчуваць сябе грэшнікам і збаўленым крывёй Хрыста ўкрыжаванага — гэта хрысціянін «напалову», «цёплы» хрысціянін. І калі мы сустракаем занядбаныя касцёлы, занядбаныя парафіі, структуры, то хутчэй за ўсё хрысціяне, якія да іх належаць, ніколі не сустракалі Езуса Хрыста, або забыліся пра сустрэчу з Ім. Сіла хрысціянскага жыцця і сіла Божага слова менавіта ў тым моманце, калі я, грэшнік, сустракаюся з Езусам Хрыстом і гэта сустрэча пераварочвае маё жыццё, змяняе яго... І так атрымліваю сілу для абвяшчэння збаўлення іншым», — сказаў Папа.
Папа Францішак заклікаў вернікаў да асэнсавання ўласнай грахоўнасці, споведзі з канкрэтных, «а не тэарытычных» грахоў і ўсведамлення ролі Езуса ў збаўленні і атрыманні новага жыцця.
|