Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэўся з былым Прэзідэнтам Ізраіля
Святы Айцец
05.09.2014 13:06

4 верасня 2014 г. Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі былога Прэзідэнта Ізраіля, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Шымона Перэса. Падчас сустрэчы Шымон Перэс падзяліўся са Святым Айцом ідэяй стварэння “Арганізацыі Аб’яднаных Рэлігій” – структуры, на яго думку, пакліканай замяніць ААН.

Палітык прапанаваў Пантыфіку ўзначаліць гэтую арганізацыю. На думку Шымона Перэса, пасля няўдач міжнароднай дыпламатыі гаворка ідзе пра адзіную магчымасць спыніць пашырэнне насілля, якое прыкрываецца рэлігіяй. “У мінулым большая частка войнаў была матывавана ідэяй нацыі. Сёння, аднак, войны перш за ўсё ўзнікаюць на рэлігійнай падставе. У той жа час, калі паглядзім навокал, можна заўважыць, што, напэўна, упершыню ў гісторыі Святы Айцец паважаецца не толькі шматлікімі людзьмі, але таксама рознымі рэлігіямі і іх вызнаўцамі”, - сказаў Шымон Перэс.

Былы ізраільскі прэзідэнт заўважыў, што сёння ў свеце ўзнікаюць “сотні, а можа, нават і тысячы, тэрарыстычных груповак”, якія жадаюць забіваць у імя Бога. “Гэта абсалютна новая вайна ў параўнанні з мінулым, як з тэхнічнага пункту гледжання, так і паводле матывацыі. Каб супрацьстаяць гэтай хвалі, мы маем Арганізацыю Аб’яднаных Нацый. Гэта палітычны орган, які, аднак, не мае войскаў… Калі ААН пасылае на Блізкі Усход міратворцаў з Фіджыйскіх астравоў ці з Філіпін і тых выкрадаюць тэрарысты, што можа зрабіць Генеральны сакратар? Цудоўную дэкларацыю, якая не мае такой сілы і эфектыўнасці, як маюць гаміліі Папы, які на адной плошчы св. Пятра збірае паўмільёна чалавек”, - сказаў былы палітык.

На думку Шымона Перэса, ААН сваё аджыла і сёння неабходна стварэнне “Арганізацыі Аб’яднаных Рэлігій” – “ААН рэлігій”. “Гэта быў бы найлепшы спосаб супрацьстаяць тэрарыстам, якія забіваюць у імя веры, таму што большасць людзей не падобныя да іх – яны жывуць сваёй верай, нікога не забіваючы, і нават не думаючы пра гэта”, - сказаў былы ізраільскі лідар. Паводле яго, у гэтым дакуменце павінна быць дакладна прапісана, што насілле не мае нічога супольнага з рэлігіяй.

Папа Францішак, як паведаміў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі, з увагай выслухаў шматлікія прапановы Шымона Перэса на карысць міру і паабяцаў падтрымку з боку ведамстваў Рымскай Курыі, не прымаючы, аднак, на сябе ніякіх асаблівых і асабістых абавязкаў. Святы Айцец бачыць у гэтых новых ініцыятывах на карысць міру плён малітвы аб супакоі, якая праходзіла ў Ватыкане пры ўдзеле Шымона Перэса і палесцінскага лідара Махмуда Абаса, адзначыў а. Ламбардзі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.