Святы Айцец паабяцаў малітоўную падтрымку родным журналіста, забітага ў Іраку |
Святы Айцец
|
09.09.2014 15:22 |
Папа Францішак запэўніў у духоўнай блізкасці і малітоўнай падтрымцы бацькоў і сваякоў амерыканскага журналіста Стывена Джоэля Сотлафа, варварскі забітага тэрарыстамі так званай “Ісламскай дзяржавы Ірака і Леванты” – джыхадзісцкай групоўкі, якая дзейнічае на Блізкім Усходзе. У тэлеграме за подпісам Дзяржсакратара кардынала Пьетро Параліна адзначаецца, што Пантыфік глыбока засмучаны навіной аб трагічнай смерці рэпарцёра.
Святы Айцец давярае Пану душу загінуўшага і моліцца за яго і ягоных блізкіх. Таксама, як гаворыцца ў пасланні, Папа заклікае “ўсіх людзей адмовіцца ад насілля, агрэсіі і недахопу спачування і просіць аб малітве і працы на карысць прабачэння, прымірэння і супакою”.
Стывен Джоэль Сотлаф знаходзіўся ў закладніках у тэрарыстаў з лета 2013 г., калі быў схоплены на мяжы з Сірыяй. Ён стаў другім амерыканскім журналістам, загінуўшым ад рук джыхадзістаў групоўкі “Ісламская дзяржава”. Яшчэ 19 жніўня 2014 г. яны выклалі ў інтэрнэт відэазапіс забойства іншага рэпарцёра – выпускніка аднаго з езуіцкіх універсітэтаў ЗША Джэймса Фоулі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|