Павага да правоў чалавека, уключаючы свабоду рэлігіі і свабоду слова, з’яўляецца неабходнай умовай для сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны, падкрэсліў Папа Францішак падчас сустрэчы 21 верасня ў Тыране з прадстаўнікамі албанскіх уладаў у межах свайго візіту ў гэтую краіну.
Пантыфік адзначыў, што Албанія з’яўляецца домам гераічных людзей, якія аддалі жыццё за незалежнасць, і мучанікаў, якія сведчылі аб веры ў гады пераследу. У гэтым кантэксце Святы Айцец заклікаў развіваць асаблівую атмасферу павагі і ўзаемнага даверу паміж католікамі, праваслаўнымі і мусульманамі, якія пражываюць у Албаніі. “Яна набывае асаблівае значэнне ў наш час, калі часткай экстрэмісцкіх груп скажаецца сапраўдны сэнс рэлігіі і парушаюцца і інструменталізуюцца адрозненні паміж рэлігіямі, што робіць іх небяспечным фактарам канфлікту і насілля”, - сказаў Пантыфік да сабраных у Прэзідэнцкім палацы.
“Няхай ніхто не думае, што ён можа прыкрывацца Богам, калі плануе і здзяйсняе акты насілля і пераслед! Няхай ніхто не выкарыстоўвае рэлігію ў якасці падставы для сваіх дзеянняў, якія супярэчаць прынцыпам годнасці чалавека і яго асноўных правоў, у першую чаргу права ўсіх на жыццё і свабоду веравызнання”, - падкрэсліў Папа і адзначыў, што албанскі вопыт паказвае, што мірнае і плённае суіснаванне паміж людзьмі і рэлігійнымі супольнасцямі не толькі пажадана, але магчыма і выканальна.
Папа адзначыў паспяховае развіццё місіі Касцёла ў апошнія гады, дадаўшы, што яго прысутнасць і дзейнасць служаць усяму албанскаму народу. У той жа час, сказаў Святы Айцец, сёння ўзнікаюць новыя выклікі, і варта, каб глабалізацыі рынкаў адпавядала глабалізацыя салідарнасці, эканамічны рост суправаджаўся большай павагай да стварэння. Папа заклікаў да ўмацавання сям’і і запэўніў, што, як і 21 год таму святы Ян Павел II, ён даручае Марыі, Маці Добрай Рады, Албанію і яе жыхароў.
Паводлe беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|