Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак пра сваё падарожжа ў Албанію: ідэя візіту выходзіць далёка за межы гэтай краіны
Святы Айцец
22.09.2014 12:27

21 верасня Папа Францішак завяршыў свой аднадзённы візіт у Албанію. Падчас пералёту ў Рым Пантыфік коратка паразмаўляў з журналістамі, адказаўшы на іх пытанні.

Святы Айцец прызнаўся, што адкрыў для сябе албанцаў з іншага боку: яны не проста талерантны народ, яны па-сапраўднаму людзі братэрскія. Уразіла Папу і мясцовая моладзь, ён сапраўды адчуў, што Албанія самая маладая краіна ў Еўропе.

Адказваючы на пытанне пра мэты падарожжа ў гэтую краіну, Пантыфік сказаў, што хацеў падтрымаць мясцовых вернікаў у іх надзеі. Папа дадаў, што ідэя гэтага візіту выходзіць далёка за межы Албаніі і адносіцца да ўсіх краін у аналагічнай сітуацыі, а таксама Еўропы, тым больш што Албанія з’яўляецца мусульманскай, але еўрапейскай краінай.

Папа назваў выбар Албаніі ў якасці мэты свайго першага “еўрапейскага” падарожжа “сігналам”, што Еўропа распасціраецца далёка за межы Еўрапейскага саюза, хоць у апошні час гэта чамусьці сталі амаль сінонімы. Гэта і напамін аб тым, што ў Еўропы таксама ёсць свае перыферыі, аб якіх не варта забывацца “магутным” гэтага свету.

Пантыфік не хаваў сваіх эмоцый адносна пачутых сведчанняў святара і законніцы – мучанікаў албанскага камуністычнага рэжыму. “Калі слухаеш кагосьці, хто кажа пра сваё мучаніцтва з усёй натуральнасцю і пакорай, як быццам распавядае пра жыццё кагосьці іншага, гэта вельмі моцнае ўражанне”, - прызнаўся Папа.

Таксама Пантыфік адзначыў, што хоча, каб СМІ ў гэтыя дні гаварылі аб Албаніі, а не аб будучым пасяджэнні Сіноду Біскупаў. Святы Айцец пацвердзіў, што 25 лістапада наведае Страсбург, у тым ліку штаб-кватэру Еўрапейскага парламента і Савета Еўропы, і, магчыма, 28 лістапада пачне візіт у Турцыю. На сцвярджэнне, што гэтая краіна знаходзіцца занадта блізка да Ірака, Папа сказаў, што змена геаграфіі не ў яго сілах.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.