Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы расказаў пра кулуары візіту Папы ў Албанію
Святы Айцец
23.09.2014 13:48

«Але колькі маладых людзей!» — гэтыя словы Папы Францішка, якія ён прамовіў, едучы па вуліцах Тыраны, працытаваў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі, які суправаджаў Пантыфіка ў падарожжы. На думку святара, у гэтай паездцы Папа ўбачыў Еўропу «з іншага боку», не такой «састарэлай», як яна ўяўлялася раней.

Таму, па словах а. Ламбардзі, менавіта тэма маладых людзей так часта гучала ў выступленнях Святога Айца падчас яго албанскага падарожжа 21 верасня, і з гэтай нагоды ён падкрэсліў, што менавіта моладзь з’яўляецца надзеяй на пабудову лепшай будучыні, менавіта яна здольная ўнесці станоўчы ўклад у еўрапейскае грамадства.

Гледзячы на выяву арла на албанскай нацыянальнай сімволіцы, Пантыфік, як расказаў кіраўнік Прэс-службы, прызнаўся, што думае пра гэтую велічную птушку, якая лётае высока, але не адмаўляецца ад свайго гнязда, заўсёды вяртаецца ў яго; Албанія для Папы Францішка – краіна арлоў, пакліканых да вышынь, ідэалаў, вялікіх сведчанняў – краіна мучанікаў, верных сваёй гісторыі, сваім вытокам.

Святар падзяліўся ўспамінамі Папы пра яго знаёмства з Маці Тэрэзай з Калькуты, албанкай па паходжанні. Яны сустрэліся ўпершыню ў 1994 г. падчас Сіноду Біскупаў. Папа быў уражаны гэтай «моцнай жанчынай», здольнай даваць настолькі мужнае сведчанне свету, і сказаў жартам: «Я б баяўся мець яе ў якасці свайго настаяцеля, таму што гэта была вельмі моцная жанчына».

Кіраўнік Прэс-службы падзяліўся таксама інфармацыяй адносна таго, што Пантыфік напісаў у кнізе ганаровых гасцей Прэзідэнцкага палаца: «Для высакароднага албанскага народа, з маёй павагай і захапленнем за яго сведчанне і братэрства ў развіцці краіны».

Святар прызнаўся, што размова Папы з Прэзідэнтам Албаніі была «вельмі інтэнсіўнай», кіраўнік дзяржавы «быў вельмі крануты» і «вельмі рады». Прэзідэнт-мусульманін гаварыў з Папам «з вялікай удзячнасцю», падкрэсліўшы, што «гармонія паміж рэлігіямі» ў краіне значна ўмацавала дэмакратыю і развіццё народу. Палітык падкрэсліў, што візіт Пантыфіка – благаслаўленне для Албаніі. Увогуле, тэма візіту як благаслаўлення вельмі моцна падкрэслівалася мясцовымі мусульманамі, заўважыў а. Ламбардзі; гэтае моцнае слова яны адносілі да людзей, краіны і яе будучыні. Яшчэ адно моцнае слова, якое прагучала з вуснаў Папы Францішка, – «павага»; гэта вельмі важнае паняцце для албанцаў у іх суіснаванні, і тое ж адзначаў і Прэзідэнт.

Падарожжа, як сказаў прадстаўнік Святога Пасаду, падкрэсліла вельмі важныя выклікі для Еўропы – супольнае жыццё ў міры, суіснаванне паміж рэлігіямі як элемент міру і дыялогу, а не напружанасці і канфліктаў, патрэбу надзеі, мужнасці і вернасці, як вялікіх каштоўнасцяў для будавання будучыні. Увогуле, візіт Пантыфіка ў Албанію стаў «вялікім пасланнем» і падтрымкай для «гэтага незвычайнага народа», з яго гісторыяй мучаніцтва і сведчання, а таксама пацвярджэннем вялікага патэнцыялу, які албанцы могуць прынесці для міжнароднай супольнасці, адзначыў кіраўнік Прэс-службы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.