Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мерапрыемствы з удзелам Папы Францішка ў кастрычніку
Святы Айцец
26.09.2014 14:33

У кастрычніку Святы Айцец правядзе ў Ватыкане шэраг важных сустрэч і мерапрыемстваў. 4 кастрычніка, напярэдадні адкрыцця ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў, якая будзе прысвечана пытанням сям’і і сужэнства, Папа Францішак прыме ўдзел у малітоўным чуванні ў інтэнцыі паспяховага правядзення гэтага форума.

12 кастрычніка Пантыфік сустрэнецца з вялікай дэлегацыяй пілігрымаў з Квебека, якія прыбудуць у Рым з нагоды святой Імшы падзякі за кананізацыю двух святых, заснавальнікаў мясцовага Касцёла: Францішка дэ Лаваля і Марыі ад Уцелаўлення. Літургія пройдзе ў ватыканскай базыліцы і стане кульмінацыяй пілігрымкі па месцах, звязаных з жыццём гэтых святых, якая пачнецца 6 кастрычніка ў парыжскім касцёле Сен-Жэрмэн-дэ-Прэ, дзе ў 1658 годзе св. Францішак дэ Лаваль атрымаў біскупскае пасвячэнне.

19 кастрычніка Святы Айцец узначаліць Эўхарыстыю на заканчэнне ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў. Падчас яе адбудзецца беатыфікацыя Папы Паўла VI.

20 кастрычніка Пантыфік прыме ўдзел у кансісторыі, на якім будуць разглядацца пытанні, звязаныя з кананізацыяй некаторых благаслаўлёных.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.