Пантыфік: жыццё без крыжа можа быць добрым, але не будзе хрысціянскім |
Святы Айцец |
26.09.2014 17:12 |
Мець веру, належаць да Пана — азначае, па словах Папы, падзяліць з Ім цяжар крыжа; у адваротным выпадку гаворка можа ісці толькі пра добры, на першы погляд, шлях, але не сапраўдны. Асновай для гаміліі Святога Айца стаў евангельскі фрагмент, у якім Езус распавёў вучням, «што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат: адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, Ён будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне». Паводле Папы, Езус правёў «сапраўдную катэхезу аб сваёй ідэнтычнасці»: пакуты і крыж — вось шлях Месіі. Святы Айцец нагадаў, што вучні не жадалі прымаць такой праўды, але Хрыстус паступова рыхтаваў іх сэрцы, а таксама сэрцы народа да гэтага; Пан апавядаў пра вялікую любоў Божую і цяжар граху, збаўленне ад якога прыйдзе праз крыж. «Нельга зразумець Езуса Хрыста Адкупіцеля без крыжа (…) Мы можам думаць, што Ён з’яўляецца прарокам, дабрадзеем, святым. Але Хрыста Адкупіцеля без крыжа зразумець немагчыма», — сказаў Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU), фота Элана Лыскова |