Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец узначаліў Імшу на рымскіх могілках
Святы Айцец
02.11.2014 16:42

Падтрымаўшы традыцыю, распачатую святым Янам Паўлам ІІ, Папа Францішак вечарам 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, узначаліў Эўхарыстыю на рымскіх могілках “Campo Verano”.

Перад пачаткам святой Імшы Пантыфік прагледзеў фатаграфіі, якія дэмантруюць наступствы бамбаванняў Рыма 71 год таму. “Гэта было жудасна, столькі пакут, але гэта нішто ў параўнанні з тым, што адбываецца сёння”, - сказаў Папа падчас гаміліі.

Пантыфік засяродзіў увагу на першым чытанні з кнігі Апакаліпсісу. “Калі я слухаў у першым чытанні Анёла, што ўсклікнуў гучным голасам да іншых анёлаў, якім была дадзена ўлада нанесці шкоду зямлі і мору, я падумаў, што мы ў стане прычыніць Зямлі больш шкоды, чым анёлы, - сказаў Святы Айцец і дадаў, што сённяшні чалавек на самой справе гэта робіць. - Мы наносім шкоду тварэнню, жыццю, культуры, каштоўнасцям, надзеі. І наколькі нам патрэбна моц Пана Бога, каб Ён запячатаў нас сваёй любоўю і сілай, каб спыніць гэты вар’яцкі разбуральны запал”.

У гэтым кантэксце Пантыфік нагадаў пра зверствы вайны, пра ўсю разбуральную сістэму і культуру адчужэння, а кажучы пра апакаліптычны вобраз вялікага натоўпу, узгадаў тых, хто ў сучасным свеце зносіць пераслед. Па словах Папы, менавіта беднякі сёння плацяць за тое, што невялікая група людзей завалодала тварэннем. “Гэта не нейкая старажытная гісторыя. Гэта адбываецца сёння”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Папа дадаў, што сёння большасць людзей адчувае прыгнёт, але нашай надзеяй з’яўляецца Бог, і мы як Касцёл павінны жыць благаслаўленнямі. Толькі гэты шлях вядзе да Бога і выратуе нас ад знішчэння, падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.