Падчас аўдыенцыі для Дзяржсакратара Святога Пасаду кардынала Пьетро Параліна, якая адбылася 3 лістапада, Пантыфік
ухваліў Палажэнні аб адстаўцы дыяцэзіяльных біскупаў і службовых асоб,
прызначаных Папам.
Засталася нязменнай норма адносна прапановы біскупу прадставіць просьбу аб адстаўцы пасля дасягнення ім 75-гадовага ўзросту. Яна ўступае ў сілу толькі з моманту ўхвалення законнай уладай, прычым з прыняццем адстаўкі асоба сыходзіць з усіх іншых пасад на нацыянальным узроўні.
У дакуменце ўзгадваюцца выпадкі, калі біскупы, якія не дасягнулі 75-гадовага ўзросту, па прычыне хваробы або па іншых сур’ёзных прычынах адмаўляюцца ад пасады пастыра. «У такой сітуацыі вернікі закліканы прадэманстраваць салідарнасць і разуменне для тых, хто быў іх пастырам, дапамагаючы ім у адпаведнасці з патрабаваннямі міласэрнасці і справядлівасці, згодна з канонам 402 § 2 Кодэксу кананічнага права», — гаворыцца ў 4-м пункце Палажэнняў. У некаторых выпадках кампетэнтная ўлада можа палічыць неабходным папрасіць біскупа прадставіць сваю адстаўку з пасады пастыра пасля вывучэння матываў такой неабходнасці і ўважлівага азнаямлення з довадамі самога іерарха, у братэрскім дыялогу.
Асобным пунктам у дакуменце ўзгадваюцца кардыналы, якія з’яўляюцца кіраўнікамі ведамстваў Рымскай Курыі. Яны таксама павінны скласці просьбу аб сваёй адстаўцы пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту. Кіраўнікі ведамстваў Рымскай Курыі, якія не з’яўляюцца кардыналамі, сакратары і біскупы, якія займалі іншыя пасады з папскага прызначэння, губляюць іх пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту. З членамі ватыканскіх ведамстваў адбываецца тое ж пасля дасягнення імі 80 гадоў. Прычым апошнія не абавязкова павінны знаходзіцца на сваёй пасадзе з папскага прызначэння.
Палажэнні ўступілі ў сілу 5 лістапада пасля публікацыі ў «L’Osservatore Romano», а затым у афіцыйным каментары «Acta Apostolicae Sedis». Яны былі складзены ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Рады кардыналаў для дапамогі Пантыфіку ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы рэформы Рымскай Курыі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|