Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: радыкальнасць веры патрабуецца ад кожнага хрысціяніна, але ад законнікаў — асаблівым чынам
Святы Айцец
07.11.2014 15:55

Манаскае жыццё, дзякуючы сваёй прывабнасці, дапамагае Касцёлу пашырацца, адзначыў Папа Францішак падчас аўдыенцыі для членаў італьянскай Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцяў 7 лістапада.

Па словах Пантыфіка, калі браты і сёстры даюць сапраўднае сведчанне манаскага жыцця, людзі, гледзячы на іх, пачынаюць задаваць пытанні: «у чым тут справа?», «што падштурхоўвае гэтага чалавека сягаць далей за гарызонт гэтага свету?» Радыкальнасць веры патрабуецца ад кожнага хрысціяніна, але ад законнікаў — асаблівым чынам, падкрэсліў Святы Айцец. Законнікі, дадаў Папа, пакліканы да місійнага і прароцкага сведчання, якое павінна быць спалучана са святасцю.

Пантыфік адзначыў, што сапраўднае прароцтва — гэта не ідэалогія, не мода, але знак, якому будуць супраціўляцца, згодна з Евангеллем. Езус, напрыклад, быў знакам да супраціўлення для рэлігійных ўладаў свайго часу: кіраўнікоў фарысеяў, настаўнікаў закону, сказаў Папа.

Святы Айцец падзякаваў кіраўнікам манаскіх супольнасцяў у Італіі за рашучасць, з якой яны жадаюць служыць людзям, і заклікаў умацоўвацца праз пастаяннае навяртанне, малітву, адарацыю, «дзяленне са святым народам Божым, які жыве на перыферыях гісторыі». Папа заўважыў, што неабходна вывесці сябе з цэнтру і паставіць на гэтае месца  Езуса, бо толькі так можа развівацца кожны харызмат. Харызмат, па словах Пантыфіка, нельга «захоўваць, як бутэльку з дысцыліраванай вадой», але трэба з адвагай рабіць яго плённым, ставячы насуперак існуючай рэальнасці, культуры, гісторыі.

Важным знакам, які можа даць манаскае жыццё, Пантыфік назваў братэрства, асабліва ва ўмовах сённяшняй індывідуалістычнай культуры, сканцэнтраванай на суб’ектыўных правах. Братэрства, аднак, прадугледжвае, па словах Святога Айца, бацькоўства Бога, мацярынства Касцёла і Панны Марыі, і ўваходзіць у гэтыя адносіны законнікі павінны штодзённа праз малітву, адарацыю і Ружанец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.