Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У межах візіту ў Турцыю Папа сустрэўся з прадстаўнікамі ўладаў краіны
Святы Айцец
28.11.2014 17:46

28 лістапада Папа Францішак пачаў трохдзённы апостальскі візіт у Турцыю. У першы дзень візіту Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі ўладаў краіны.

Пасля цырымоніі прывітання ў Анкары Пантыфік накіраваўся ў маўзалей першага Прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі Мустафы Кемаля Атацюрка. Наведванне гэтага месца з’яўляецца традыцыйным для высокіх гасцей краіны. Каля магілы турэцкага палітыка, рэфарматара і дзяржаўнага дзеяча Папа ўсклаў вянок і на момант спыніўся ў маўчанні. Таксама Пантыфік зрабіў запіс ў кнізе ганаровых гасцей, пажадаўшы, каб Турцыя, якая з’яўляецца «натуральным мастом паміж двума кантынентамі, была не толькі скрыжаваннем шляхоў, але таксама месцам сустрэчы, дыялогу і спакойнага суіснавання паміж людзьмі добрай волі кожнай культуры, народнасці і рэлігіі».

Пазней у звароце да прадстаўнікоў турэцкіх уладаў Святы Айцец адзначыў, што Турцыя, па прычыне свайго геаграфічнага палажэння і важнасці ў рэгіёне, мае вялікую адказнасць: яе выбары і прыклад маюць асаблівае значэнне і могуць спрыяць сустрэчы цывілізацый і вызначаць дзейсныя шляхі да міру і сапраўднага развіцця. Папа нагадаў пра багатую гістарычную спадчыну краіны і яе старажытную сувязь з хрысціянствам: на гэтай зямлі хрысціянскія супольнасці былі заснаваны яшчэ св. Паўлам, тут праводзіліся першыя сем Сабораў і знаходзіцца месца, дзе, паводле традыцыі, жыла Панна Марыя.

Пантыфік адзначыў важнасць дыялогу, які дапаможа вызнаўцам ісламу і хрысціянства лепш пазнаваць адзін аднаго, цаніць адметнасці і лічыцца з імі дзеля будавання трывалага спакою, заснаванага на павазе да правоў і абавязкаў, звязаных з годнасцю чалавека. Фундаментальна неабходна, каб мусульмане, яўрэі і хрысціяне мелі роўныя правы і абавязкі і маглі карыстацца імі, падкрэсліў Святы Айцец.

Папа з жалем адзначыў, што на працягу многіх гадоў Блізкі Усход застаецца тэатрам братазабойчых войнаў. «Здаецца, адна вайна нараджае другую, як быццам адзіным магчымым адказам на вайну і насілле можа быць толькі новая вайна і новае насілле», — сказаў Пантыфік і заахвоціў палітыкаў выкарыстоўваць усе магчымасці перамоваў, каб дасягнуць міру і ўстойлівага развіцця.

Важны ўнёсак y мірны працэс у рэгіёне, па словах Папы, можа прынесці міжрэлігійны і міжкультурны дыялог, які дапаможа асудзіць фундаменталізм і тэрарызм на рэлігійнай глебе. Фанатызму, дадаў Пантыфік, неабходна супрацьпаставіць салідарнасць вернікаў, заснаваную на павазе да чалавечага жыцця, свабодзе веравызнання і выбары рэлігійнай маралі, намаганнях на карысць дабрабыту і навакольнага асяроддзя.

На заканчэнне свайго звароту Святы Айцец высока ацаніў шчодрасць, з якой Турцыя адносіцца да вялікай колькасці бежанцаў, у першую чаргу з Сірыі і Ірака, і адзначыў, што міжнародная супольнасць мае маральны абавязак дапамаць у гэтым.

Святы Айцец выказаў перакананасць у немагчымасці спынення несправядлівага агрэсара любым чынам: праблему трэба вырашаць у рамках міжнароднага права і не толькі вайсковымі метадамі. Пантыфік заклікаў выкарыстоўваць фінансавыя рэсурсы не на ўзбраенні, а на вырашэнне праблем, якія спрыяюць з’яўленню тэрарызму: на барацьбу з голадам і хваробамі, на ўстойлівае развіццё і ахову прыроды, выкараненне шматлікіх формаў беднасці і маргінальнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.