«Абудзіце свет!» — з такім заклікам Папа Францішак звярнуўся да кансэкраваных асобаў у пасланні з нагоды адкрыцця Года кансэкраванага жыцця, які распачнецца 30 лістапада 2014 г. і скончыцца 2 лютага 2016 г. Натхненнем для паслання паслужыла Апостальская адгартацыя «Vita Consecrata» св. Яна Паўла II.
У звароце Папа Францішак паставіў перад кансэкраванымі асобамі тры задачы: «глядзець на мінулае з падзякай», каб захаваць сваю ідэнтычнасць; «жыць у сучаснасці з запалам»; «абдымаць будучыню з надзеяй», не апускаць рукі, сутыкнуўшыся з цяжкасцямі кансэкраванага жыцця, у тым ліку з крызісам пакліканняў.
Па словах Пантыфіка, здольнасць перадаваць радасць і шчасце веры, перажытыя ў супольнасці, вядзе да росту Касцёла, а сведчанне братэрскай любові, салідарнасці, узаемадапамогі павялічвае яго каштоўнасць. Касцёл, адзначыў Святы Айцец, павінен быць «кузняй прарокаў», здольных разумець гісторыю сваёй эпохі і інтэрпрэтаваць падзеі, выкрываючы грахі і несправядлівасць.
Папа чакае ад кансэкраваных асобаў стварэння месцаў, у якіх можна было б жыць евангельскай логікай дару, братэрства, адметнасцяў, узаемнай любові. Пантыфік дадаў, што інстытуты, да якіх належаць кансэкраваныя асобы, не павінны ператварацца ў ізаляваную рэальнасць. Святы Айцец выказаў спадзяванне, што Год кансэкраванага жыцця дасць магчымасць наладзіць цеснае супрацоўніцтва паміж рознымі супольнасцямі, асабліва ў сферы дапамогі бежанцам і бедным, абвяшчэння Евангелля і ўводзінаў у малітоўнае жыццё.
Пантыфік заклікаў біскупаў клапаціцца аб развіцці розных харызматаў у сваіх супольнасцях, дапамагаючы ззянню прыгажосці і святасці кансэкраванага жыцця ў Касцёле.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|